БАРЫСАЎ, 24 вер — Sputnik. Развітанне з заснавальнікам футбольнага клуба БАТЭ Анатолем Капскім праходзіць у Барысаве, перадае з месца падзеяў карэспандэнт Sputnik.
Пра смерць Капскага стала вядома ў мінулую суботу — кіраўнік клуба памёр на 53-м годзе жыцця. Як распавялі Sputnik блізкія нябожчыка, прычынай смерці стала пнеўманія.
На грамадзянскую паніхіду ў "Барысаў-Арэну" прыбылі гульцы і заўзятары клуба БАТЭ, а таксама вядомыя беларусы, сярод якіх музыкант Анатоль Ярмоленка, старшыня Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмон, тэлевядучая Ганна Бонд, экс-памочнік прэзідэнта Мікалай Корбут, першы намеснік Мінскага аблвыканкама Ігар Макар, тэлевядучы Тэнгіз Думбадзэ, былы трэнер клуба Віктар Ганчарэнка, які спецыяльна прыбыў на жалобную цырымонію з Масквы, а таксама родныя і сябры нябожчыка.
На ўваходзе ў "Барысаў-арэну" — велізарная чарга, якая ўвесь час прыбывае. Усе нясуць вялізныя букеты. Каля труны з целам Капскага знаходзіцца ганаровая варта.
Людзі доўга стаяць пад дажджом, заходзяць у залу развітацца з нябожчыкам, затым праходзяць на трыбуны, дзе ўжо сабралася некалькі соцень чалавек. Многія мужчыны не могуць стрымаць слёз.
На экране дэманструюць фота і відэа з удзелам Анатоля Капскага.
"Нам будзе не хапаць Капскага як кіраўніка, сябра, дарадцы", — адзначыў на цырымоніі развітання галоўны трэнер "жоўта-сініх" Аляксей Бага. Ён распавёў, што навіна пра смерць Капскага ўразіла ўсіх, а сам ён апошні раз бачыўся з заснавальнікам БАТЭ на трэніроўцы, якая прайшла незадоўга да смерці заснавальніка клуба.
"Няма слоў, каб перадаць эмоцыі, якія мы адчуваем сёння. Гэты боль не сыдзе і заўтра. Надыходзяць няпростыя часы для каманды, і цяпер асабліва трэба згуртавацца", — распавёў заўзятар БАТЭ Міхаіл.
Клуб БАТЭ быў заснаваны ў 1996 годзе. З тых часоў барысаўчане 14 разоў станавіліся чэмпіёнамі Беларусі, узялі 7 Суперкубкаў і тры кубкі Беларусі. БАТЭ стаў першым беларускім клубам, які выходзіў у групавыя этапы Лігі чэмпіёнаў і Лігі Еўропы. Сам Капскі ў 2016 годзе быў узнагароджаны ордэнам Пашаны, мае і шэраг іншых узнагарод.