МІНСК, 30 кас - Sputnik. Хакейны клуб "Дынама-Мінск" прайграў 11-й матч запар у рэгулярным чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі (КХЛ), паведамляе Sputnik.
Хатняя серыя мінчан пачалася з чарговай няўдачы. На "Мінск-Арэне" падапечныя Гордзі Дуайера прымалі хабараўскі "Амур". Сустрэча завяршылася з лікам 3:6 (0:2, 2:3, 1:1). У складзе пераможцаў адзначыліся Ігар Рудзянкоў (3-я хвіліна), Валянцін П'янаў (12, у большасці), Павел Дзядуноў (28 і 35), Даніл Файзулін (36). У гаспадароў дакладныя кідкі на рахунку Тэему Пулкінена (33, у большасці), Яўгена Кавыршына (36) і Андрэя Сцяпанава (51).
Сыграли сегодня неплохо в атаке, но этого было мало... pic.twitter.com/64aUJeifrk
— ХК Динамо-Минск (@hc_dinamominsk) 29 октября 2018 г.
Гэта паражэнне стала 11-м запар для мінчан. У 22 гульнях "бела-сінія" ўсяго толькі чатыры разы святкавалі вікторыю. "Зубры" займаюць апошняе месца ў табліцы Заходняй канферэнцыі з 12 ачкамі.
Наступны матч мінскае "Дынама" правядзе ў чацвер, 1 лістапада, дома супраць кітайскага "Куньлуня".
За гульнёй на "Мінск-Арэне" назіраў новы гендырэктар каманды Дзмітрый Баскаў. Перад паядынкам ён прыняў удзел у "Дынама-Шоу" і адказаў на пытанні балельшчыкаў. На думку Баскава, канкрэтна Дуайер не вінаваты ў непераканаўчай гульні "зуброў". Ён адзначыў, што ў няўдачах "як правіла, вінаватая каманда як аб'яднанне людзей, якія робяць тую працу, якая павінна прывесці да пэўнага выніку".