Талісман II Еўрапейскіх гульняў прэзентавалі ў Мінску

© Sputnik / Виктор ТолочкоТалісман Еўрапейскіх гульняў Лесік
Талісман Еўрапейскіх гульняў Лесік - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Улетку 2017 года пачаўся адкрыты конкурс на распрацоўку талісмана Еўрагульняў-2019, прыём заявак скончыўся ў лістападзе таго ж года, але хто стаў маскотом спаборніцтваў стала вядома толькі цяпер.

МІНСК, 30 ліс - Sputnik. Талісманам II Еўрапейскіх гульняў стала лісяня Лесік, перадае карэспандэнт Sputnik з доўгачаканай прэзентацыі маскота спаборніцтваў.

"Сам па сабе персанаж, здаецца, просты - гэта вельмі гарэзлівае беларускае лісяня. Але легенда яго аб'ядноўвае ў сабе і ўсе вядомыя з дзяцінства класічныя сусветныя творы прозы, беларускую міфалогію і легенду, звязаную з Папараць-кветкай. Мы пастараліся зрабіць такі вельмі цікавы, глыбокі мікс, але, з іншага боку, лёгкі для разумення, асноўнай ідэяй якога з'яўляецца сяброўства", - распавёў карэспандэнту Sputnik намеснік дырэктара фонду "Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў 2019 года" Анатоль Котаў.

© Sputnik / Виктор ТолочкоНамеснік дырэктара фонду "Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў 2019 года" Анатоль Котаў
Талісман II Еўрапейскіх гульняў прэзентавалі ў Мінску - Sputnik Беларусь
Намеснік дырэктара фонду "Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў 2019 года" Анатоль Котаў

Паводле яго слоў, была праведзена вялікая праца па прыцягненні прафесіяналаў да распрацоўкі талісмана, каб вобраз быў яркім, вядомым, дынамічным, цікавым. "І каб ён адлюстроўваў сутнасць мерапрыемства, Беларусь і энергію Купалля, якую мы будзем дарыць на працягу чэрвеня наступнага года нашым гасцям, нашым сябрам", - адзначыў Котаў.

Конкурс на стварэнне талісмана Еўрагульняў-2019 года, якія пройдуць у Беларусі, стартаваў у ліпені 2017 года, праз некалькі месяцаў прыём заявак завяршыўся, але дырэкцыя спаборніцтваў не стала адразу раскрываць інтрыгу, што за персанаж будзе візуальным увасабленнем спаборніцтваў. Вядома было толькі, што ў конкурсе ўдзельнічалі не толькі прафесійныя мастакі і дызайнеры, але і аматары.

Акрамя таго, у лістападзе 2017 года арганізатары паказалі працы, якія дасылалі ўдзельнікі. Аднак прэзентацыю маскота адкладалі некалькі разоў, і ў выніку паказалі яго толькі ў чацвер, 29 лістапада.

© Sputnik / Виктор ТолочкоТалісман Еўрапейскіх гульняў Лесік
Талісман II Еўрапейскіх гульняў прэзентавалі ў Мінску - Sputnik Беларусь
Талісман Еўрапейскіх гульняў Лесік

"Нягледзячы на тое, што на конкурс была прадстаўлена маса цікавых работ, трэба было абраць больш чым з тысячы варыянтаў, але, на жаль, на ўсе 100% траплення ў кропку не было. Таму мы выбралі працу прафесіянала", - растлумачыў Котаў.

Дзеці вельмі захоплена адрэагавалі на лісяня Лесіка, у якога ўжо ёсць свой акаунт у Instagram - lesic_2019.

У прэзентацыі прынялі ўдзел паслы II Еўрапейскіх гульняў, прадстаўнік ЮНІСЭФ у Беларусі доктар Рашэд Мустафа Сарвар, алімпійскі чэмпіён па веславанні Аляксандр Багдановіч. Таксама ў ліку першых, хто даведаўся, якім будзе талісман, беларускія спартсмены і зоркі, у тым ліку, прадстаўнік нашай краіны на дзіцячым Еўрабачанні-2018 Даніэль Ястрэмскі, прадстаўнікі замежных дыпламатычных місій, міністэрстваў і ведамстваў рэспублікі, а таксама выхаванцы дзіцячых SOS-вёсак. На прэзентацыі ўзнагародзілі лаўрэатаў конкурсу, працы якіх прэтэндавалі на тое, каб стаць талісманам.

Нагадаем, II Еўрапейскія гульні пройдуць у Мінску з 21 па 30 чэрвеня 2019 года. У спаборніцтвах прымуць удзел больш за 4 тысячы спартсменаў з 50 краін Еўропы. Яны разыграюць 200 камплектаў медалёў у 23 спартыўных дысцыплінах. Слоганам будучых Еўрагульняў абралі фразу Bright Year, Bright You - "Яркі год, яркі ты". Рускамоўны варыянт слогана - "Час яркіх перамог", на беларускай мове гэта гучыць, як "Гадзіна яскравых перамог". Квіткі на спаборніцтвы можна будзе купіць, пачынаючы з 1 снежня бягучага года.

Стужка навiн
0