20:21 17 лістапада 2017
«Радыё Sputnik»
Афіцыйны касцюм з васількамі

Зазірнуць у шафу "Песняроў": альтэрнатыва дзелавым касцюмам

© Sputnik/ Ларыса Мятлеўская
Пляцоўка
Атрымаць кароткую спасылку
6961

Шляхецкія вусы і чырвоны кунтуш, доўгія світы і мадняцкія ў 1970-я бакенбарды. Усё падпарадкоўвалася творчай задумцы. Хоць у савецкія часы так апранацца для дзяржаўнага калектыва было няпроста.

Ларыса Мятлеўская, Sputnik.

Калі запытацца ў беларусаў, што для вас "Песняры", то атрымаеце ўпэўнены адказ: "Песняры" — наша ўсё!"

І гэта не дзіва — некалькі пакаленняў гараджан і вяскоўцаў вырасла на творчасці гэтага ўнікальнага калектыву. Яшчэ з часоў СССР ВІА "Песняры" — адзін з самых трывалых беларускіх брэндаў.

Мулявінскія Песняры
© Sputnik/ Ларыса Мятлеўская
Мулявінскія "Песняры"

Кожнае іх выступленне — сапраўднае свята для гледачоў, маляўнічае відовішча, на якое доўга немагчыма забыцца. Гэтаму спрыяюць не толькі чыстыя галасы, але і густоўныя сцэнічныя касцюмы. Менавіта касцюмам калектыву прысвечана выстава "Уладзімір Мулявін. Спадчына вялікага маэстра", якая будзе працаваць да 4 сакавіка.

Гэта творчы праект Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, музея Уладзіміра Мулявіна, Беларускай дзяржаўнай філармоніі і Беларускага дзяржаўнага ансамбля "Песняры". Да таго ж праект ажыццёўлены пры падтрымцы кампаніі Japan Tobacco International (JTI) у Рэспубліцы Беларусь.

Атрымалася выдатна, і цяпер у наведвальнікаў музея з'явілася магчымасць зазірнуць у шафу "Песняроў".

Яго вялікасць эскіз

Таццяна Бушава — галоўны захавальнік фондаў музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі, з задавальненнем дзялілася сакрэтамі сцэнічнага гардэробу гэтага легендарнага ансамбля:

"Аснова музейнага праекта — эскізы касцюмаў "Песняроў". Нядаўна музей набыў новыя экспанаты — эскізы да першай беларускай рок-оперы "Пра долю", прэм'ера якой прайшла 40 гадоў таму на сцэне Белдзяржфілармоніі."

Эскізы касцюмаў ВІА Песняры
© Sputnik/ Ларыса Мятлеўская
Эскізы касцюмаў ВІА "Песняры"

11 эскізаў з гэтага цыкла зараз у вялікай зале Нацыянальнага гістарычнага. Замалёўкі вельмі важны для таго, каб уявіць, як артысты выглядалі на сцэне. На кожнага былі пашыты касцюмы з улікамі яго знешняй індывідуальнасці і вобраза, які ён нёс на сцэне. Гэта былі алегарычныя вобразы: вясна, лета, зіма, смерць, жыццё… Кожны малюнак быў зацверджаны рукой Мулявіна і на адваротным баку аркушоў стаіць яго подпіс і лаканічнае — "згодны".

Чырвоны — колер гарачых пачуццяў

Дарэчы, на шасці прадстаўленых на выставе малюнкаў для гастроляў у Амерыцы ў кожнага артыста свой колер. Мулявін любіў чырвоны, што, на мой погляд, адпавядае яго характару, бо гэта колер жыцця, агню, крыві, моцнага кахання.

Але прайсці мастацкі савет было зусім няпроста. Тут дапамагала ўпэўненасць у правільнасці творчай задумы. Сын Мулявіна Валерый, узгадваючы бацьку, заўважыў: "Прафесіянал — ён прафесіянал ва ўсім. Дома эскізы былі раскіданы па ўсяму сталу… кава, цыгарэта… Эскізы ўсе зацвярджаліся або не зацвярджаліся".

Для ажыццяўлення творчых задач, пастаўленых Мулявіным, мастакі шукалі самыя сучасныя падыходы. Гэта тычылася і выбару тканін. У 70-я гады ў нашай краіне піскам моды было адзенне з сінтэтычнага матэрыялу крымплен. Тканіна мела яркія расфарбоўкі, яе не трэба было прасаваць і да таго ж яна лёгка пралася. І не важна, што цела ў такім адзенні было як у палітэленавым пакеце, у вольным продажы яго ўсё адно практычна не было. Адна са стваральніц касцюмаў калектыва таго часу мастачка Галіна Крываблоцкая так узгадала работу таго перыяду: "Мы знайшлі крымплен лёгкі, эластычны і выйшлі са становішча".

Джынсавы касцюм Мулявіна
© Sputnik/ Ларыса Мятлеўская
Джынсавы касцюм Мулявіна

У больш поздні перыяд для Уладзіміра Мулявіна быў пашыты шыкоўны сцэнічны касцюм з дагэтуль папулярнай джынсавай тканіны, які на выставе займае асобнае месца.

Любімы касцюм Мулявіна па матывах карцін А.Кіш
© Sputnik/ Ларыса Мятлеўская
Любімы касцюм Мулявіна па матывах карцін А.Кіш

Увогуле сёння экспануецца больш поўсотні накідаў. Эскізы Юрыя Піскуна і Вольгі Дзёмкінай, і кожны малюнак сапраўдны шэдэўр. Нечакана падгледзела, як знакаміты мастак — мадэльер Юры Піскун у задуменні разглядаў свае даўнія работы. Ён, канечне, вяртаўся ў далёкі 1970, у кастрычніку якога "Песняры" сталі лаўрэатамі ІV Усесаюзнага конкурсу артыстаў эстрады.

Радыёла і заезджаная кружэлка

Мяне ж у мінулае перанеслі песні сучасных "Песняроў" і кружэлка, што стаяла побач з іншымі рэчамі Мулявіна. 

Рарытэт - кружэлка Песняроў
© Sputnik/ Ларыса Мятлеўская
Рарытэт - кружэлка "Песняроў"

Такая ж заежджаная кружэлка ВІА "Песняры" ў парэпаным канверце ёсць і ў мяне, нейкім дзівам яна захавалася ў старым чамадане на лецішчы. Як і старая радыёла "Rigonda", ганаровая маёмасць маіх бацькоў, што ўжо даўно не працуе, і пракруціць любімы дыск, як гэта было калісьці, не атрымаецца. Радыёла, не выкінутая ў свой час на сметнік, цяпер стала рарытэтам.

Тады, у 1970-я, мы з сястрой страшэнна ганарыліся нашымі "Песнярамі". Вось іх імёны: Валерый Мулявін, Леанід Тышко, Уладзіслаў Місевіч, Валерый Яшкін, Валянцін Бадзьяраў,  Аляксандр Дзямешка, Леанід Барткевіч. Усе хлопцы ў ансамблі былі як на падбор, прыгожыя і такія "хіповыя"! І над усімі Уладзімір Мулявін. Пра яго тады пісалі:

кіраўнік "Песняроў" Уладзімір Мулявін — яркі музыкант-віртуоз, з вельмі своеасаблівым музычным почыркам, арыгінальныя, самабытныя аранжыроўкі якога шмат у чым вызначаюць накіраванасць ансамбля. Увесь калектыў непадзельна адданы сваёй любімай справе — папулярызацыі цудоўных беларускіх песень.

З асабістага архіва Мулявіна
© Sputnik/ Ларыса Мятлеўская
З асабістага архіва Мулявіна

Натуральна, што амаль усе дзяўчынкі ў нашым класе былі закаханыя ў саліста Леаніда Барткевіча. Ці ж думала я тады, што калі-небудзь атрымаю ад яго аўтограф "Ларысе ад заўзятага "Песняра"?

А яны сапраўды заўзятыя: і старэйшае пакаленне, і маладое. Мусіць, магія мулявінскага запаветнага напеву, не іначай!

Фрагмент касцюма Песняроў
© Sputnik/ Ларыса Мятлеўская
Фрагмент касцюма "Песняроў"

Той мулявінскай харызмы, выключных арганізатарскіх здольнасцей, бунтарскага характару хапала на ўсё. Невыпадкова ў хуткім часе адным з першых на савецкай сцэне калектыў стаў выглядаць ярка і самабытна. Шляхецкія вусы і чырвоны кунтуш, доўгія світы і мадняцкія ў 1970-я бакенбарды. Усе гэтыя гістарычныя вобразы выбіраліся невыпадкова, усё падпарадкоўвалася творчай задумцы. У тыя часы так апранацца для дзяржаўнага калектыва было няпроста. Стандартным пінжакам знайшлі альтэрнатыву — дагэтуль у такім выглядзе на савецкую эстраду не выходзіў ніхто. "Песняры" і цяпер на беларускай сцэне — прыклад для пераймання, а кожная культурная падзея, звязаная з любімым калектывам, выклікае непадробную цікавасць у шырокай грамадскасці.

Эскіз чырвогана касцюма
© Sputnik/ Ларыса Мятлеўская
Эскіз чырвогана касцюма

Хутка ў Нацыянальны гістарычны музей прыедзе дэлегацыя са Свярдлоўскай вобласці і, магчыма, гэта выстава накіруецца ў падарожжа на малую радзіму Мулявіна. А сапраўднай ён лічыў Беларусь.

Тэги:
Выстава "Уладзімір Мулявін. Спадчына вялікага маэстра", Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь, Уладзімір Мулявін, Беларусь
Правілы карыстанняКаментары

Галоўныя тэмы