Rock Profi 2017 абвесціла спіс намінантаў

© Photo : прадастаўлена гуртомБеларускі гурт "Петля пристрастия"
Беларускі гурт Петля пристрастия - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Сярод лідэраў намінантаў на атрыманне альтэрнатыўнай музычнай прэміі – "Петля пристрастия" і Лявон Вольскі.
МІНСК, 16 мая — Sputnik. Абвешчаны намінанты пятай прафесійнай музычнай прэміі Rock Profi 2017, якая ўручаецца па галасах беларускіх музыкаў у кірунках рок, індзі, альтэрнатыва, пераможцу назавуць 26 мая на цырымоніі ў клубе ili.
У журы прэміі cёлета ўвайшлі больш за 50 сольных выканаўцаў і калектываў, якія выпусцілі поўнафарматныя альбомы ў 2014, 2015 і 2016 гадах. У рамках пяці асноўных намінацый было разгледжана 37 альбомаў і 60 песень, выпушчаных з 1 студзеня па 31 снежня 2016 года. Арганізатарамі прэміі з'яўляюцца Дзмітрый Безкаравайны (Experty.by) і Павел Юрцэвіч (клуб ili).
"Больш за ўсё намінацый — чатыры — у гурта "Петля пристрастия". Тры ў Лявона Вольскага. "Петля пристрастия" і Лявон Вольскі ў гэтым сезоне ўжо былі канкурэнтамі за лепшы альбом у межах прэміі Experty.by па галасах беларускіх і замежных крытыкаў. Тады перамаглі "Петля пристрастия" з плыткай "Мода и облака". У межах Rock Profi яны таксама пазмагаюцца за "Лепшую песню" і намінацыю "Артыст года", — распавялі арганізатары прэміі.
Па дзве намінацыі — "Лепшы альбом" і "Лепшы запіс" — у электронных праектаў Mustelide і Shuma.
З цікавага — у намінанты на "Лепшую песню" таксама трапіла "Гісторыя майго жыцця" ад NaviBand, з якой яны ездзілі на "Еўрабачанне-2017".
"Выпадак з намінацыяй песні з "Еўрабачання" ў межах альтэрнатыўных узнагарод насамрэч унікальны. Але можна ўзгадаць, як некалькі гадоў таму ў ліку намінантаў патрапіла Паліна Рэспубліка з песняй "Лета" і за яе прагаласавалі такія суворыя хлопцы, як Лэслі Найф з Gods Tower. На мой погляд, гэта яшчэ раз сведчыць, што музыка не мае межаў, у тым ліку стылістычных", — адзначае Зміцер Безкаравайны.
Спіс намінантаў (у алфавітным парадку):
  • "Лепшы альбом": Лявон Вольскі "Псіхасаматыка", "Петля пристрастия" "Мода и облака", Mustelide "Spi", Shuma "Сонца";
  • "Лепшы запіс" (прыз гукарэжысёрам): Алег Даманчук за альбом "Петли пристрастия" "Мода и облака", Наталля Куніцкая за альбом Mustelide "Spi", Павел Сініла за альбом Re1ikt "Куфар", Alexis Scorpio за альбом Shuma "Сонца";
  • "Лепшая песня": Лявон Вольскі "Гэй!", "Петля пристрастия" "Груз", NaviBand "Гісторыя майго жыцця", Nizkiz "Миражами";
  • "Дэбют года": "Восьмыдзень", "Вочы", Nebulae Come Sweet, Witness Temple;
  • "Артыст года": Лявон Вольскі, "Дай дарогу!", "Петля пристрастия", Brutto.
Пераможцы прэміі будуць названыя 26 мая на цырымоніі Rock Profi 2017 у клубе ili. Пачатак мерапрыемства ў 20.00. У канцэрце возьмуць удзел: True Litwin Beat, The Bangalors, Pink And Sweet. Цырымонія адбудзецца пры падтрымцы аркестра "18 Датчан". Кошт квіткоў: 10 руб. (папярэдне), 15 руб. (у дзень мерапрыемства).    
Стужка навiн
0