"Джазавыя вечары – 2017" адкрые 7-гадовая піяністка

© Photo : Арганізатары "Джазавых вечароў"Юная піяністка Сафія Курловіч
Юная піяністка Сафія Курловіч - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Хэдлайнерам "Джазавага вечару" 10 чэрвеня выступіць Скот Хэндэрсан (ЗША) – найлепшы джазавы гітарыст па версіях часопісаў Guitar World і Guitar Player.

МІНСК, 6 чэр — Sputnik. У суботу 10 чэрвеня на плошчы каля Ратушы адбудзецца першы з трох штотыднёвых канцэртаў фестывалю "Джазавыя вечеры" сезону-2017. Хэдлайнерам вечеру будзе адзін з лепшых сусветных джазавых гітарыстаў Скот Хэндэрсан (ЗША), а распачнецца фестываль выступленнем 7-гадовай Сафіі Курловіч з Салігорску.

Нягледзячы на свой юны ўзрост, джазавая піяністка і вакалістка Сафія Курловіч ужо мае салідны спіс дасягненняў. Сярод яе ўзнагарод Гран-пры конкурсу "Джаз-момант 2016" (Масква, Расія) і перамога ў рэспубліканскім конкурсе "Талент краіны" (2016). Сафія выступала ў канцэртах Ігара Бутмана і Дзяніса Мацуева. Была госцяй у шоў Максіма Галкіна "Лепш за ўсіх" на "Першым канале" (Расія), дзе выконвала дуэт з І. Бутманам. Музычнай адукацыяй юнага талента займаецца Салігорская дзіцячая школа мастацтваў.

"Сафія — на дзіва таленавітае дзіцё, бо яна пачала займацца ўсяго паўтары гады таму і за гэты час дасягнула проста надзвычайных вынікаў. Мы вельмі ўдзячныя арганізатарам "Джазавых вечароў" за запрашэнне выступіць у Мінску, таму што большасць канцэртаў з удзелам Сафіі зараз адбываецца за мяжой", — распавяла настаўніца юнай піяністкі Святлана Пятровіч.

Завершыць праграму "Джазавых вечароў" 10 чэрвеня Скот Хэндэрсан (ЗША), які быў прызнаны найлепшым джазавым гітарыстам па версіях часопісаў Guitar World і Guitar Player. Ён выйдзе на сцэну ў суправаджэнні французскіх музыкаў Арчыбальда Лаганьера (бас) і Рамана Лабае (бубны). Таксама ў першы дзень фестывалю выступяць спявак і мультыінструменталіст Харысан Янг (ЗША/Нідэрланды), этна-джазавы дуэт Agata і VIP-jazz Андрэя Славінскага.

17 і 24 чэрвеня ў межах "Джазавых вечароў" мінчукоў чакаюць сустрэчы з бас-гітарыстам Крысціянам Галвезам (Чылі) і яго музыкамі, Клівам Джонсам (ЗША), Набілем Хемірам (Туніс), канцэртным аркестрам Барыса Мягкова, "Трыа Канстанціна Гарачага", Minsk Voices, Premier Orchestra.

Юбілейны сезон "Джазавых вечароў" распачнецца 10 чэрвеня ля Ратушы, пачатак а 20-й гадзіне, уваход вольны. 

Стужка навiн
0