"Разумны дом" і ядомая ўпакоўка: дасягненні маладых навукоўцаў

© Sputnik / Виктор ТолочкоПершы фестываль навукі ў ВНУ доўжыўся амаль год, асноўнай яго задачай было паказаць, што ў навуцы можа быць цікава
Першы фестываль навукі ў ВНУ доўжыўся амаль год, асноўнай яго задачай было паказаць, што ў навуцы можа быць цікава - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Фестываль моладзевай навукі расцягнуўся на год, а вынікі падвялі ў Ліцэі БДУ выставай навуковых дасягненняў і серыяй актуальных лекцый.

МІНСК, 18 сту — Sputnik. Неспрактыкаванаму госцю на заключным этапе Фестываля моладзевай ВНУшнай навукі было няпроста. Перад ім стаяў няпросты выбар: пабадзяцца па выставе папулярнай навукі, якую зладзілі "дзеці", студэнты і аспіранты ВНУ, або паслухаць "бацькоў" — сталых навукоўцаў, якія прэзентавалі свае даследаванні ў лекцыйнай аўдыторыі.

"Дзеці" спакушалі разумнымі робатамі, "бацькі" — адказамі на актуальныя пытанні аб тым, ці ёсць усё-ткі альтэрнатыва ядзернай энергетыцы ў Беларусі, хто бліжэй беларусам — балты ці рускія і навошта патрэбна ўпакоўка, якую можна есці.

Карэспандэнт Sputnik паспрабаваў паспець усюды.

З'есці шакалад і не зарабіць карыес

З упакоўкай, якую можна есці, эксперыментуюць не толькі ў Беларусі, сумленна папярэдзіў загадчык лабараторыі раствораў цэлюлозы і прадуктаў іх перапрацоўкі НДІ фізіка-хімічных праблем БДУ Дзмітрый Грыншпан.

Але гэтая тэма з улікам "пластыкавай" праблемы, з якой сутыкнуўся свет, застаецца вельмі перспектыўнай. І з пункту гледжання экалогіі, і з пункту гледжання эканоміі. Адбіўныя, абгорнутыя ў такую ўпакоўку з прыправамі, па словах навукоўца, атрымаюцца больш сакавітымі і духмянымі.

"Ёсць такая спецыяльная папера з прыправамі для прыгатавання мяса. Але вы потым яе здымаеце і выкідаеце. Частка прыправаў застаецца на мясе, а частка выкідваецца з паперай. А тут мы нічога не выкідваем. У вас сакавітае мяса і ўсе прыправы на месцы. І густ вы не адрозніце", — пераконваў Грыншпан.

© Sputnik / Виктор ТолочкоФестываль моладзевай навукі
Фестиваль молодежной вузовской науки - Sputnik Беларусь
Фестываль моладзевай навукі

Беларускую ядомую ўпакоўку робяць з натуральных інгрэдыентаў — імбіра, куркумы, кардамона. У яе, да прыкладу, можна фасаваць мёд — па два-пяць мілілітраў, а не ў маленькія слоічкі, як цяпер, якія яшчэ неяк трэба ўтылізаваць. Цукеркі ўжо фасуюць. Але ўпакоўку для прысмакаў беларускія хімікі настроены дапрацаваць.

"У нас вялікае жаданне зрабіць супрацькарыесную ўпакоўку. Гэта значыць, вы з'елі шакаладку, але без рызыкі для зубоў. Там будзе сарбент, які будзе збіраць з зубоў ўсе бактэрыі, якія спрыяюць развіццю карыесу. Мы ўжо ідзем па гэтым шляху, але патрэбныя 100-працэнтныя доказы", — распавёў навуковец.

Ці ёсць альтэрнатыва ядзернай энергетыцы

На думку акадэміка НАН Беларусі Аляксандра Міхалевіча, альтэрнатывы ядзернай энергетыцы няма. Іншая справа, што рабіць стаўку толькі на БелАЭС не варта. Маладым беларускім навукоўцам мае сэнс прыгледзецца і да аднаўляльнай энергетыцы.

Тым больш што ў Беларусі, па словах акадэміка, умовы для выкарыстання сонечнай энергіі нават лепш, чым у Германіі.

© Sputnik / Виктор ТолочкоАкадэмік НАН Беларусі Аляксандр Міхалевіч лічыць, што маладым беларускім навукоўцам варта прыгледзецца і да аднаўляльнай энергетыцы
Академик НАН Беларуси Александр Михалевич считает, что молодым белорусским ученым стоит присмотреться и к возобновляемой энергетике - Sputnik Беларусь
Акадэмік НАН Беларусі Аляксандр Міхалевіч лічыць, што маладым беларускім навукоўцам варта прыгледзецца і да аднаўляльнай энергетыцы

"Кажуць, у нас мала сонца. На самой справе інтэнсіўнасць сонечнай энергіі на адзінку плошчы ў нас ледзь-ледзь вышэй, чым у Германіі. А між тым у Германіі цяпер столькі сонечных электрастанцый, што ў нейкія перыяды яны могуць сябе цалкам забяспечваць энергіяй", — распавёў Міхалевіч.

Акадэмік нагадаў, што да 2035 года ў адпаведнасці з канцэпцыяй энергетычнай бяспекі доля аднаўляльнай энергіі павінна павялічыцца з цяперашняга 1% да 6-7%.

Хто бліжэй беларусам — рускія ці літоўцы

Цяперашняя навука стала мультыдысцыплінарнай, таму займацца, да прыкладу, чыстай біялогіяй ужо не атрымліваецца, даў наказ слухачам кандыдат біялагічных навук Васіль Панкратаў.

Каб напісаць сваю працу, прысвечаную генетыцы беларусаў, разабрацца, у тым ліку, адкуль мы ўзяліся, навукоўцу спатрэбіліся таксама дасканалая англійская мова, пэўныя веды па матэматыцы і статыстыцы, праграмаванні, геаграфіі, гісторыі і лінгвістыцы.

© Sputnik / Виктор ТолочкоКандыдат біялагічных навук Васіль Панкратаў даследуе генетыку беларусаў
Кандидат биологических наук Василий Панкратов исследует генетику белорусов - Sputnik Беларусь
Кандыдат біялагічных навук Васіль Панкратаў даследуе генетыку беларусаў

"Беларусы генетычна вельмі блізкія да ўкраінцаў і рускіх — праўда з пэўнага рэгіёну, гэта паўднёвая частка еўрапейскай часткі Расіі. Таксама да нас блізкія палякі і сорбы — гэта народ, які жыве на ўсходзе Германіі. Літоўцы і латышы таксама блізкія, але аказваецца крыху далей. Яшчэ далей ад нас рускія цэнтральнай часткі Расіі", — падзяліўся вынікамі свайго даследавання Панкратаў.

"Разумны дом", бактэрыяльная творчасць і іншыя "дзіцячыя" распрацоўкі

На выставе папулярнай навукі, якая праходзіла ў гэты ж час у фае Ліцэя БДУ, свае лепшыя распрацоўкі прадставілі 6 ВНУ.

БДУІР, як і належыць, здзіўляў разумнымі праграмамі: дэманстравалі як выключыць святло, не ўстаючы з канапы, пры дапамозе мабільнага і праверыць ці зачынілі ўваходныя дзверы, сыходзячы з кватэры.

"Няпамятлівы дом" — беларускі аналаг "разумнага дома" — створаны для тых, хто выбягае з кватэры, а потым пераймаецца рознымі бытавымі пытаннямі, да прыкладу, а ці выключаны прас.

Полацкі дзяржуніверсітэт прывёз робата, які можа сартаваць смецце, Беларускі тэхналагічны інстытут — уласны 3D-прынтэр.

Біёлагі з БДУ здзіўлялі бактэрыяльнай творчасцю — малюначкамі з вырашчаных за ноч бактэрый.

© Sputnik / Виктор ТолочкоЗ дапамогай гэтай праграмы электрычнасць у доме можна выключыць з мабільнага тэлефона - сапраўдная знаходка для тых, хто не можа ўспомніць ці адключыў прас
С помощью этой программы электричество в доме можно выключать с мобильного телефона - настоящая находка для тех, кто не может вспомнить, отключил ли утюг - Sputnik Беларусь
З дапамогай гэтай праграмы электрычнасць у доме можна выключыць з мабільнага тэлефона - сапраўдная знаходка для тых, хто не можа ўспомніць ці адключыў прас

"Гэта праява здаровага навуковага гумару. Замест фарбы можна выкарыстоўваць бактэрыяльную культуру розных колераў і атрымаць партрэт не горш, чым можна ўбачыць у некаторых галерэях", — распавёў Sputnik асістэнт кафедры генетыкі біялагічнага факультэта БДУ Ілля Ільюшонак.

Сур'ёзная навуковая праца на біяфаке БДУ таксама вядзецца, маладыя навукоўцы эксперыментуюць з вырошчваннем культур, важных для фармацэўтыкі.

"Мы можам працаваць на агульнасусветным узроўні, але для гэтага патрэбныя некалькі рэчаў. Па-першае, трэба не ленавацца, паколькі навука патрабуе шмат мазгоў. А па-другое, для гэтых мазгоў патрэбныя прыдатныя ўмовы: мінімальныя сацыяльныя гарантыі і адсутнасць лішніх бюракратычных перашкод для навуковай творчасці. На жаль у нас з гэтым бываюць праблемы. Але маладыя людзі ў навуку прыходзяць", — прызнаўся Ільюшонак.

© Sputnik / Виктор ТолочкоГэтыя малюнкі "намалявалі" бактэрыі - біёлагі з БДУ называюць гэта здаровым навуковым гумарам
Эти рисунки нарисовали бактерии - биологи из БГУ называют это здоровым научным юмором - Sputnik Беларусь
Гэтыя малюнкі "намалявалі" бактэрыі - біёлагі з БДУ называюць гэта здаровым навуковым гумарам

Замест пасляслоўя

Уцечкі мазгоў як такой з навукі ў ВНУ няма, але некаторыя праблемы з адборам кадраў усё ж такі назіраюцца, прызнаўся прарэктар па навуковай рабоце БДУ Васіль Сафонаў.

"Хацелася б, каб у навуку ішлі самыя лепшыя. Але на жаль ідуць не заўсёды самыя лепшыя, таму што ёсць шмат іншых магчымасцяў, дзе праявіць сябе. Але з іншага боку гэта таксама не страшна, калі яны застаюцца ў краіне і працуюць у рэальным сектары. У рэшце рэшт гэта таксама карысць", — сказаў Сафонаў у інтэрв'ю Sputnik.

Першы фестываль навукі ВНУ доўжыўся амаль год. Ён стартаваў 19 студзеня 2016 года і аб'ехаў з прэзентацыямі, лекцыямі, сустрэчамі і абмеркаваннямі асноўныя рэгіянальныя ўніверсітэты.

"Магу сказаць, што фэст адбыўся. Адной з ключавых яго мэтаў было паказаць, што ў навуцы цікава, а таксама прыцягнуць моладзь да навуковай дзейнасці", — распавёў падводзячы вынікі фестывалю першы намеснік міністра адукацыі Вадзім Богуш.

Паводле яго слоў, цікаўнасць да навукі ў сучаснай моладзі ёсць. Ва ўсякім выпадку, прыём у аспірантуру ў Беларусі ў апошнія два гады няўхільна расце.

Стужка навiн
0