Лепшыя беларускія фільмы пра Вялікую Айчынную вайну: “Трэцяя ракета”

кадр з фільма "Трэцяя ракета"
кадр з фільма Трэцяя ракета - Sputnik Беларусь
Падпісацца
“Трэцяя ракета” з’яўляецца першай і лічыцца адной з лепшых беларускіх экранізацый твораў Васіля Быкава.

Юлія Хвошч, Sputnik

Беларускі кінематограф славіцца сваімі фільмамі пра Вялікую Айчынную вайну. І нездарма. Менавіта Беларусь больш за іншыя краіны ССР пацярпела ад фашысцкіх акупантаў.  Найбольш праўдзіва і хвалююча падзеі ваенных гадоў раскрыліся, канешне, у творах Васіля Быкава, які ўвесь жах вайны бачыў на свае вочы, быў франтавіком, а боль за Радзіму выліваў на старонкі сваіх аповесцей і апавяданняў да самай смерці. Такая моц і праўдападобнасць не магла не вабіць беларускіх рэжысёраў, якія звярталіся да творчасці Быкава зноў і зноў. 
Першы фільм беларускага кінематографа паводле апавяданняў Быкава — "Трэцяя ракета". Стужка лічыцца моцнай і ўдалай. Такой яе робяць упэўненая праца кожнага з удзельнікаў здымачнай групы на чале з рэжысёрам Рычардам Віктаравым і пранізлівая праўда сцэнарыста Васіля Быкава.

Шасцёра ў акопе

Падзеі фільма адбываюцца на Беларусі падчас Другой сусветнай вайны. Нямецкі наступ прарывае абарону. Савецкія войскі адступілі, і разлік "саракапяткі" з шасці байцоў апынуўся на трое сутак адрэзаным ад сваіх войск. Лёс звёў у адным франтавым акопе розных людзей, ім трэба будзе супрацьстаяць атакам нямецка- фашысцкіх войск. У такіх цяжкіх абставінах, страху і пастаянным адчуванні подыху смерці раскрываюцца сапраўдныя чалавечыя характары.
"Глыбокае раскрыццё псіхалогіі подзвігу, выкрыццё і грамадзянскае асуджэнне тых, хто ваяваў не за сумленне, а за страх…Беражлівае, дакладнае экраннае ўзнаўленне ўласцівых аповесці вартасцей",- лічыць кінакрытык Мікалай Бяляўскі.
На думку кінакрытыкаў, гэты фільм цяжка аднесці да ліку "ваенных", ён хутчэй адносіцца да тых твораў мастацтва, якія апавядаюць пра жыццё. Фільм пра чалавека, які ідзе да сваёй чалавечнасці цяжкай дарогай вайны і міру…Раскрыццю душэўнага свету герояў садзейнічала вобразная, кінематаграфічная мова.

Сродкамі кінематографа

Для перадачы большай эмацыянальнай напружанасці фільма аўтары ўдала скарысталіся сродкамі мастацкай выразнасці — гукавым афармленнем, мантажом, аператарскімі планамі.
Так, яшчэ на уступных цітрах чуецца галоўны лейтшум фільма — ціканне гадзінніка, які падказвае гледачу, якім бясконца доўгім можа быць адзін дзень. Лейтшумам скрозь усю стужку праходзяць і гукі прыроды, якія падтрымліваюць у героях надзею на жыццё, а самая моцная сцэна фільма (з танкам, які накіроўваецца на герояў падчас першага бою) адзначана цішынёй.
"Аператары сваімі "эксперыментамі" дасягнулі жаданай мэты: учынкі і пачуцці герояў, падзеі дзякуючы ўмела знойдзеным дэталям, ракурсам сталі для нас даступнымі, адчувальнымі. Рэжысёр смела і ўпэўнена карыстаецца багаццем асацыяцый, у якіх заключана невычэрпная магчымасць для перадачы пачуццяў і думак", — піша Вячаслаў Говар.
Адна з найбольш удалых аператарскіх знаходак — знаёмства гледача з героямі падчас сняданку ў акопе. Героі маўчаць, але чаргаванне буйным планам іх твараў сведчыць аб тым, наколькі яны ўсе розныя, але, разам з тым, знаходзяцца ў аднолькава складаных абставінах. У адной са сцэн ёсць прыём частага чаргавання группы герояў (па тры чалавекі) агульным планам і партрэтаў — буйным, што адначасова ўказвае на яркую індывідуальнасць кожнага з іх і на звязанасць агульнай справай.
" Шматлікія кадры часам здаюцца дакументальнымі. Нашы кінематаграфісты навучыліся майстэрству ствараць сапраўдную баявую абстаноўку",- Андрэй Чарнамыс.

Фільм без галоўных герояў

У фільме няма галоўнага героя. Усе шасцёра — галоўныя.
Вельмі выразны вобраз якута Пятрова. Ён не шматслоўны, аддае перавагу справе, але кожнае яго слова вымаўляецца з падкрэсленай цвёрдасцю. Пры раскрыцці свайго вобраза акцёр Фядотаў не прапусціў ніводной дэталі: акцэнт, гаворка, жэсты, позірк…
Любшын цалкам раскрыў тыповы беларускі характар свайго персанажа — Лазняка, падкрэсліў яго асноўную рысу — трываласць. У кінематаграфічным вобразе Лазняка  адчуваюцца страты: у аповесці можна было прачытаць такія падрабязнасці з геаграфіі героя, якія даюць магчымасць уявіць шлях фарміравання чалавека высокай маральнасці, а ў кіно мы гэтага не бачым. Гэта і сум па знявечанай ворагамі Беларусі, дзе засталіся родныя землякі-партызаны, і буслы, што кружаць над палямі і затоены гонар, што ён — беларус…
"Выканаўцы ролей падабраны з улікам аўтарскіх характарыстык. У вобліку артыстаў  Жжонава, Фядотава лёгка пазнаеш іх персанажы… Пры падабенстве франтавых біяграфій людзі яны розныя па тэмперамента. За тонкімі рысамі аблічча Любшына ўгадваецца душэўная далікатнасць былога настаўніка",- лічыць Алена Бондарава.
Менш выразнай уяўляецца вобраз Крывенка (Ю. Дубровін), знявечаны асколкам, ён залішне падкрэслена дэманструе свой адчай. 
Ігра Давыдава-Субача ў якасці Задарожнага некалькі ўтрыравана і не натуральна (у некаторых эпізодах ён інтанацыйна фарсуе), да і наогул, у друкаванай першакрыніцы вобраз "сэрцаеда" Задарожнага куды больш складаны, чым на экране.
Пры паказе герояў аповесці сродкамі кіно схематызаваны і вобраз Лук'янава.
Такім чынам, "Трэцяя ракета" — гэта яркая, упэўненая, поўная наватарства праца ўсёй здымачнай групы. Выгадна адрознівае фільм акцэнтаванне аўтарамі ўвагі не на ідэялагічным аспекце, але на лёсе і ўнутраным свеце канкрэтнага чалавека.
Экранізацыі твораў Быкава не могуць быць няўдалымі. Толькі сапраўдны майстр сваёй справы возьмецца ўвасобіць на экране твор настолькі моцнага беларускага класіка. Фільм быў адзначаны ўзнагародамі: за лепшы сцэнарый В. Быкаву, за лепшую аператарскую работу А. Кірылаву Н. Хубаву на IV КФ рэспублік Прыбалтыкі і Беларусі (Мінск, 1964).
Стужка навiн
0