20:14 24 красавіка 2017
«Радыё Sputnik»
Нацыянальны Акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета

Беларускі тэатр у гады Вялікай Айчыннай

© Sputnik/ Виктор Толочко
70 год перамогі
Атрымаць кароткую спасылку
Сучасны беларускі тэатр (27)
39260

Вядучы архівіст Вялікага тэатра оперы і балетаБеларусі Ганна Мікалаеўна Жукава распавядае пра тэатральнае жыццё падчас вайны.

Ганна Жукава, Sputnik.

Ракавы чэрвень 1941 года. Артысты тэатра оперы і балета ў адпачынку, адны накіраваліся ў Крым, Прыбалтыку, другія — на лецішча, а нехта застаўся ў Мінску.

22 чэрвеня, выхадны дзень, ужо аб'яўлена вайна, усе адчуваюць, што няўмольна насоўваецца нешта страшэннае, але нікому не хочацца ў гэтае верыць, людзі псіхалагічна не былі гатовы да вайны.

24-га раніцай у Мінску пачаўся крамешны ад. У 9.40 —першая масіраваная бамбардзіроўка горада, у якой удзельнічала 47 самалётаў. На працягу дня было тры мацнейшыя атакі. Гарэў увесь горад і яго ніхто не тушыў, наогул, горада ўжо не было.

Разбураны Мінск. Ліпень 1941
© Sputnik/
Разбураны Мінск. Ліпень 1941

Вайна перапыніла дзейнасць тэатра і накіравала жыццё па іншаму, ваеннаму шляху.

У Маскве, да пачатку ліпеня, сабралася многа артыстаў-адпускнікоў, якія ў імгненне сталі беcпрацоўнымі. Усім была патрэбна дапамога. У выніку адны былі  накіраваны ў Свярдлоўск, другія — у Саратаў і Уфу, а значная частка трупы ў падначаленні з Александроўскай — у Алма-Ату.

Беларускія артысты, залічаныя ў трупу ў канцы ліпеня, праз месяц, 31 жніўня 1941 года, ужо ўдзельнічалі ў адкрыцці тэатральнага сезона Казахскага тэатра оперы і балета. Была прэмьера оперы І.Дзяржынскага "Ціхі Дон".

Партыю Аксінні з вялікім поспехам выконвала Л.Александроўская, яе партнёрам быў У.Ульянаў.

Асаблівым поспехам карыстаўся міжнацыянальны дуэт К.Байсеітавай (казахская спявачка) і Л.Александроўскай, якіх звязвала шчырая дружба. Беларускія артысты актыўна ўдзельнічалі ва ўсіх творчых справах калектыва.

Ціхі Дон. Алма-Ата. 1941 год.
© Sputnik/
"Ціхі Дон". Алма-Ата. 1941 год.

Вайна параскідала артыстаў тэтра па многіх гарадах Савецкага саюза:  у Саратаве жылі і працавалі  Бергер, С.Друкер, Д.Кроз; у Ташкентце — В.Валчанецкая, Смольскі, Клумаў, Вайнберг; у Свярдлоўску — І.Балоцін, Ю.Хіраска, В.Барысенка, В.Фурс, І.Фёдарава; у Фрунзе — габіст Ільясаў; у Уфе —  Крысці, І.Мурамцаў; у Ерэване — М.Дзянісаў.

У канцы кастрычніка 1941года дырэктар тэатра Аскар Абрамавіч Гантман піша ліст Ларысе Пампееўне Александроўскай з Ашхабата з просьбай прыслаць яму спісы тых, хто даў пра сябе знаць, бо ён збіраецца звярнуцца да кіраўніцтва рэспублікі з прапановай аб зборы трупы тэатра оперы і балета ў адным месцы. 

У выніку гэтага звароту ў пачатку лютага 1942 года Беларускім урадам было прынята рашэнне аб зборы трупы тэатра оперы і балета ў горадзе Горкім. 22-га лютага Л.Александроўская была выклікана ў Маскву з Алма-Аты і ёй даручылі збор трупы тэатра.

“Лебядзінае возера”. Алма-Ата. 1941 год
“Лебядзінае возера” . Алма-Ата. 1941 год

Але самай надзённай і неадкладнай задачай у першую чаргу была падрыхтоўка вялікага канцэрта беларускіх артыстаў у Канцэртнай зале імя П.Чайкоўскага ў Маскве.  Гэта было мудрае  ўадавае рашэнне. Канцэрт адбыўся 18 мая 1942 года і прайшоў пад дэвізам "Чакай нас, Радзіма, ідзем!"

Гэта быў канцэрт — сімвал будучай, але не блізкай перамогі, нязломная ўпэўненнасць у якой ярка прагучала ў песні М.Шнэйдэрмана "Мы ідзем, Беларусь!" (словы Тураўскага), якую пела Л.Александроўская.

"Другой дэкадай беларускага мастацтва" назвалі масквічы той канцэрт у зале Чайкоўскага.

Акцёры Вялікага А.Нікалаева, Л.Александроўская, С.Дрэчын на адным з выступаў
© Sputnik/
Акцёры Вялікага А.Нікалаева, Л.Александроўская, С.Дрэчын на адным з выступаў

Пасля канцэрта пачалася праца па збору трупы, з розных куткоў краіны трэба было выклікаць каля сотні чалавек, размясціць іх,  забяспечыць харчаваннем, уладкаваць на   працу.

Ужо ў маі 1942 года дырэкцыя Горкаўскага дзяржаўнага тэатра оперы і балета імя А.Пушкіна абвясціла гаражанам, што з ліпеня ў склад выканаўцаў спектакляў уваходзяць артысты Беларускага дзяржаўнага тэатра.

Пачалася напружаная праца. Сіламі Беларускага дзяржаўнага тэатра пры ўдзеле артыстаў Горкаўскага тэатра былі пастаўлены: "Севільскі Цырюльнік", "Яўген Анегін", "Купальская ноч" Я.Цікоцкага. 18 артыстаў прымалі ўдзел у спектаклях Горкаўскага тэатра — "Кармэн" Ж.Бізэ, "Травіата" Дж.Вердзі, "Рыгалета" Дж.Вердзі, "Русалка" М.Даргамыжскага, "Князь Ігар" А.Барадзіна.

Усяго ў Горкім артыстамі нашага тэатра было дадзена 43  канцэрты і  паказана 55 сумесных спектакляў.

Пасля чарговага выступлення. 1943 год.
© Sputnik/
Пасля чарговага выступлення. 1943 год.

У сакавіку 1943 года сфарміравалася пастаянная франтавая канцэртная  брыгада па абслугоўванню Паўночна-заходняга фронту, у склад якой уваходзілі: Л. Александроўская, І. Балоцін (брыгадзір),  М. Дзянісаў, С. Друкер, Д.Кроз, М.Пігулеўскі, Т.Узунава, Ю. Хіраска, С. Навіцкі, Х. Шмелькін. Усяго брыгада дала 138 шэфскіх канцэртаў.

Выступалі ў горадзе Дзяржынску і Багародску Горкаўскай вобласці, у армейскіх клубах і шпіталях, непасрэдна на перадавых пазіцыях. Спявалі на пляцоўках толькі што вызваленых гарадоў і вёсак, на лясных палянах, з бартоў грузавых машын, з чыгуначных платформаў, з брані танкаў.

Франтавая брыгада. Горкі. 1943
© Sputnik/
Франтавая брыгада. Горкі. 1943

Якіх неймаверных намаганняў, вытрымкі патрабавала ад артыстаў выкананне любімых байцамі песень перад параненымі ў шпіталях, калі адзін з іх апладзіруе кульцяпкай замест рукі аб калена, а другі без абеіх ног прымасціўся з краю ложка, у трэцяга ўся галава ў бінтах — відны толькі вочы, а яго сусед па палаце — з абвугленым тварам і выпаленымі вачыма.

Але губы ўсміхаюцца і просяць спяваць яшчэ і яшчэ. У такіх абставінах спяваць, пераадолець спазмы галасавых звязак, заставіць голас падпарадкавацца, усміхацца — неймаверна цяжка, але неабходна.

У маі 1943 года тэатр пераязджае ў горад Каўроў Уладзімірскай вобласці і праца прадаўжаецца на сцэне клуба "Металістаў".  Адразу, па прыбыцці,  былі паказаны  оперы "Чыо-Чыо-сан" Дж.Пучыні, "Севільскі цырульнік" Дж.Расіні і балет "Марная засцярога" П.Гертэля.

Афіша “Севильский цирюльник”, г. Каўроў, 1944 год
© Sputnik/
Афіша “Севильский цирюльник”, г. Каўроў, 1944 год

Франтавая брыгада начале з І.Балоціным прадоўжыла сваю працу, толькі з 04 па 22 мая 1943 года брыгада дала 30 канцэртаў у часцях Калінінскага фронту.

Акцёры і франтавая брыгада пасля выступлення
© Sputnik/
Акцёры і франтавая брыгада пасля выступлення

Набліжалася Перамога! 2-га ліпеня, у апошні дзень знаходжання фашыстаў у Мінску, быў падпалены Дом афіцэраў, які воіны Чырвонай Арміі патушылі з вялікай цяжкасцю.

З тэатра фашысты вывезлі апаратуру, мэблю, дэкарацыі, абутак, парыкі, нотную бібліятэку, музычныя інструменты, касцюмы,экспанаты тэатральнага музея, кнігі па мастацтву. Пазней, пад горадам Інстэрбургам частка касцюмаў і дэкарацый была знойдзена вайскоўцамі і вернута тэатру.

У адной са справаздач дырэктара тэатра за 1945 год пазначана, што вывезена і разрабавана з тэатра было на 25 063 500 рублёў маёмасці. Памяшканне самога тэатра было моцна разбурана, абсталяванне сцэны і глядзельнай залы, рабочых кабінетаў, грымёрных, файе таксама  поўнасцю вывезена немцамі.

3 ліпеня 1944 года наступіла доўгачаканае вызваленне Мінска, а 17 верасня тэатр вярнуўся з эвакуацыі і адразу прыступіў да працы над толькі што закончанай Я.Цікоцкім операй "Алеся", якая апавядае аб гераічнай барацьбе беларускіх партызан, але гэта ўжо іншая тэма — жыццё тэатра па аднаўленні разбуранага, разрабаванага, беззваротна страчанага.

Л.Александроўская на танку. 1943 год. Кадр кінахронікі ТАСС
© Sputnik/
Л.Александроўская на танку. 1943 год. Кадр кінахронікі ТАСС

Сярод супрацоўнікаў тэатра было многа і тых, хто ўдзельнічаў у баях, прайшлі вайну ў дзеючай арміі і ў Дзень Перамогі не ўсе вярнуліся ў свой родны горад, тэатр, да любімай працы.

Загінулі на фронце: С.Архіпаў — саліст оперы; Е.Ажаеў, Г.Буданіцкі,І. Гуляеў, А. Іваноў, Г.Ліўшыц, П. Стэфановіч — артысты аркестра; І. Бухаўцоў, А. Вітальберг, А.Петрашкевіч, М. Сердзюкоў — артысты балета; Ф.Піно — рэпетытар; В.Анціпаў, І.Бязменаў — асвятляльнікі.

У партызанскім атрадзе загінуў В. Хачэўскі — артыст хору.

У гета загінулі: П.Жэзмер, Ф.Левіна, Р.Шапіра — салісты оперы; Басінкевіч, Б.Кантаровіч, С.Кантаровіч — артысты балета; Г. Бернштэйн,М. Броцкі, Сазыр — артысты хору; Л.Хазановіч — электрык.

Расстраляны фашыстамі: Н.Балазоўскі — дырыжор; С.Трахановіч — саліст оперы.

Загінулі ў час бамбёжкі ў Мінску: М.Каліноўскісаліст оперы М.Крошнер — кампазітар; у Маскве: П.Засецкі — саліст оперы.

Адразу пасля вайны ў верасні 1944 года прыйшла працаваць у тэатр салісткай балета Карпілава Бася Залманаўна, якая з 1941 па 1944 год была салісткай у ансамблі Каспійскай ваеннай флатыліі,  ўдзельнічала ў многіх канцэртах, якія праходзілі на ваенных караблях, у клубах. За удзел у шэфскай рабоце па обслугоўванню часцей Ваенна-марскога флоту і Чырвонай арміі ў час абароны Каўказа ўзнагароджана медалём "За абарону Каўказа".

У 1956 годзе па запрашэнні самой Л.Александроўскай прыйшоў працаваць у тэатр оперы і балета Міхаіл Афанасьевіч Дружына. Міхаіл Афанасьевіч з 1941 па 1956 год служыў у радах Савецкай Арміі. За баявыя заслугі ўзнагароджаны ордэнам "Чырвонай зоркі", ордэнам "Знак пашаны", двума ордэнамі ПНР срэбны "Крыж за заслугі", медалямі і граматамі.

Прайшло 70 год са дня Перамогі над ворагам. Адноўлена наша прыгожая Беларусь, Мінск, тэатр на сёняшні дзень самы мадэрнізаваны і прыгожы і не толькі ў нашай рэспубліцы, але і далёка за яе межамі. І наш святы абавязак памятаць тых, хто  заплаціў сваім жыццём, каб наблізіць Перамогу, хто не задумваўся, выступаючы на перадавой з канцэртамі, што гэта вельмі небяспечна.

Тэатр па сваёй сутнасці — гэта жывы арганізм, ён заўсёды ў руху, адно пакаленне змяняецца другім, але кожны артыст — асоба непаўторная.

Супрацоўнікі Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета шчыра віншуюць усіх з Вялікай Перамогай над фашыстамі, і перадаюць вялікі дзякуй і нізкі паклон усім тым, хто унёс свой неацэнны уклад у набліжэнне гэтага  светлага дня!

Тэмы:
Сучасны беларускі тэатр (27)
Тэги:
Гісторыя, культура і мастацтва, Мастацтва, Нацыянальны акадэмічны вялікі тэатр оперы і балета, Беларусь
Правілы карыстанняКаментары

Галоўныя тэмы