Мабыць, мала хто ведае, што сталічны ГУМ мае ўласны музей. Аднак ён ёсць. Дакладней, гэта пакой гісторыі ўнівермага, які знаходзіцца на чацвёртым паверсе крамы, у крыле адміністрацыі. З вуліцы ў яго не патрапіць, аднак па дамоўленасці для групы могуць правесці экскурсію.

"Экспанаты — асабістыя рэчы супрацоўнікаў крамы. Тут можна ўбачыць рэчы, якія раней прадаваліся ў ГУМе, альбо ж з дапамогай якіх прадавалі тавары", — распавяла Галіна Равінская, вядучы гандлёвы інспектар ААТ "ГУМ".

Драўляныя лічыльнікі, ручная кінакамера, манекены ў форме прадавачак, партрэты ўсіх дырэктараў універмага.

Ёсць з дзесятак кубкаў: калектывы самадзейнасці ГУМа не раз заваёўвалі ўзнагароды. У пакоі і шмат здымкаў. Галоўны (на паўсцяны) — калаж разбуранай падчас вайны крамы і зноўку адкрытага ў 1951 годзе ўнівермага.

"Пасля ўзвядзення новага будынка ГУМ для мінчан стаў як палац, які ўзвышаецца сярод руін", — дадала Равінская.