Радыё

ВІДЭА: беларуская дуда — родная сястра шатландскай валынкі

Падпісацца
У студыі радыё Sputnik Беларусь вядучы Аляксандр Крывашэеў і рэдактар Станіслаў Андросік пагутарылі з дударкай Аксанай Мароз пра асаблівасці шатландскай валынкі і беларускай дуды, і аб хуткім "Дударскім фэсце".

Дуда традыцыйна лічыцца мужчынскім інструментам, але ў апошні час дзяўчаты ім цікавяцца ўсё часцей. У мінулым ўдзельніца гурта "Стары Ольса", а зараз музыка гурта "PiobROCK" Аксана Мароз распавяла, ці лёгка ёй граць на дудзе, а таксама чым падобныя і чым адрозніваюцца беларуская дуда і шатландская валынка.

"Дуда адрозніваецца канструкцыяй. Традыцыйны строй у дуды гэта соль-мажор, рэ-мажор, рэ-мінор і ля, а ў шатландскай валынкі канцэртны строй толькі сі-бемоль. У шатландскай валынкі вельмі поўны і моцны гук, а ў дуды гук цішэй і больш гугнявы. Валынка дзейнічае на чалавека па-рознаму, альбо прыцягвае і не адпускае ніколі, альбо адштурхвае. Але большасць людзей яна прыцягвае ", — распавяла Мароз.

Беларуская дуда — родная сястра шатландскай і ірландскай валынкі, якія лічаць аднымі з самых папулярных інструментаў у свеце. У Беларусі росквіт дуды прыйшоўся на XIX стагоддзе. У наш час дуда перажывае свой другі рэнесанс, цікавасць да яе павялічваецца.

Таксама дударка нагадала, што 8 красавіка ў мінскім клубе Re: Public адбудзецца ўжо традыцыйны "Дударскі фэст — 2017". Традыцыя ладзіць фэсты з'явілася ў сучасных беларускіх дудароў яшчэ ў 1992 годзе і ў 2006-м стала штогадовай.

У сёлетнім вялікім канцэрце возьмуць удзел майстры сярэднявечнай і фальклорнай музыкі "Стары Ольса", "Pawa", "HardWood", "Trollwald", "Sakramant", "LityTaler", "PiobROCK" і іншыя калектывы. У кожнага з музыкаў ёсць свае сакрэты стварэння музычных інструментаў і фірмовы стыль гучання.

Размову ў студыі радыё Sputnik Беларусь з дударкай Аксанай Мароз глядзіце на відэа.

Стужка навiн
0