Відэа

Кубак Беларусі: БАТЭ і брэсцкае "Дынама" адной нагой у фінале

Падпісацца
Брэсцкае "Дынама" і барысаўскі БАТЭ ўпэўнена перамаглі ў першых паўфінальных матчах Кубка Беларусі па футболе. Глядзіце на Sputnik відэаагляды гульняў.

Напярэдадні барысаўскі футбольны клуб БАТЭ ўзяў верх над гродзенскім "Нёманам" у першай 1/2 фіналу Кубка Беларусі. Сустрэча адбылася на "Барысаў-Арэне" і завяршылася з лікам 2:0. Вікторыю гаспадарам прынеслі Мірка Іваніч і Міхаіл Гардзяйчук.

"Калі казаць па матчы, то кубкавыя баталіі заўсёды складаюцца з двух паядынкаў — дома і на выездзе. Чыста стратэгічна вельмі добра, што мы забілі і не прапусцілі. У цэлым перамога заслужаная", — пракаментаваў вынік матчу галоўны трэнер БАТЭ Алег Дулуб.

Вынікам паядынку застаўся незадаволены настаўнік "Нёмана" Ігар Кавалевіч. На пасляматчавай прэс-канферэнцыі ён звярнуў увагу на памылку суддзі Віктара Шымусіка, які не заўважыў гульню рукой Гардзейчука пры узяцці варот. "Такія рэчы ў судзействе неяк сходзяць з рук. Калі ў мінулы раз забіў рукой Радзівонаў, Чыкун нам патлумачыў: за частаколам ног не ўбачыў руку. Як можна такую бязглуздзіцу казаць? У федэрацыі і цяпер нам, вядома, усё растлумачаць. Ізноў раскажуць пра частакол рук", — сказаў Кавалевіч.

У другім паўфінале, які прайшоў у Брэсце, мясцовае "Дынама" з лікам 2:0 узяло верх над магілёўскім "Дняпром". Вызначыліся Павел Савіцкі і Джоэл Фамейе.

"Магілёў сёння гуляў вельмі добра, і відаць, што нас чакае вельмі цяжкая наступная гульня. Галоўнае, чым я сёння задаволены, гэта тое, што мы сёння не прапусцілі. Гэта была адна з галоўных задач на сённяшні матч", — сказаў пасля гульні галоўны трэнер берасцейцаў Радаслаў Латал.

Паядынкі ў адказ адбудуцца 2 мая ў Гродне і Магілёве. Вырашальны матч Кубка Беларусі будзе прымаць магілёўскі стадыён "Спартак" 19 мая.

Стужка навiн
0