21:47 19 студзеня 2019
«Радыё Sputnik»
  • USD2.15
  • EUR2.45
  • 100 RUB3.24
© Sputnik

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у вялікім інтэрв'ю радыё Sputnik Беларусь распавёў, чаму і каталіцкая, і праваслаўная царква ў Беларусі выступіла супраць прыняцця нашумелага закона аб хатнім гвалце.

Царква супраць хатняга гвалту. Гэта ненармальна, калі адзін член сям'і здзекуецца над другім. Сям'я - гэта суполка, дзе павінны існаваць каханне і ўзаемная павага, перакананы кіраўнік беларускай каталіцкай царквы Тадэвуш Кандрусевіч.

"Але чамусьці ў гэты закон ўваходзіць ідэалогія гендэра. А трэба неяк аддзяляць адно ад другога. Гэтая ідэалогія гендэра прасоўваецца нейкімі сіламі ў грамадстве, якім вось трэба гэта рабіць. Я пісаў адкрыты ліст прэзідэнту, потым пісаў у Міністэрства ўнутраных спраў, таму што яны распрацоўвалі праект гэтага закона. Яны заўсёды культурна адказвалі. Але ў гэтых адказах была такая думка: "Але ж так у свеце ёсць. Так ёсць у Еўропе". Але можна ж браць добрыя рэчы, але тое, што не адказвае хрысціянскай традыцыі нашага народа, якая ўжо склалася за тысячагадовую гісторыю, навошта ж ўводзіць нешта іншае?", - кажа Кандрусевіч.

На думку кіраўніка беларускіх каталікоў, такім чынам усе паварачваецца з ног на галаву. Бог стварыў мужчыну і жанчыну, а цяпер незразумела - хто якога роду. Што значыць, культура і ўмовы жыцця вызначаюць, кім чалавек з'яўляецца - мужчынам ці жанчынай, і так можна змяніць сваё меркаванне некалькі разоў, задаецца пытаннем арцыбіскуп.

Многія пункты закона не адпавядалі не толькі хрысціянскаму вучэнню пра сям'ю, але і здароваму сэнсу. І каталіцкая царква, і праваслаўная выказалі сваё меркаванне, і гэты закон ўдалося спыніць, аднак святкаваць перамогу пакуль рана, распавядае мітрапаліт.

"У лістападзе ў Мінску адбыўся форум "Святасць мацярынства". І былі прадстаўнікі вышэйшага эшалона беларускай улады. Не буду свядома называць, хто што казаў. Але гэта заканадаўцы і міністры. І ў сваіх выступах яны казалі, што для стабільнага развіцця Беларусі трэба развіваць ідэалогію гендэру. І калі праваслаўны святар з Масквы, мітрапаліт Павел, я, кіраўнік фонду Андрэя Першазванага, мы выступілі рэзка супраць гэтай ідэалогіі гендэра, сёй-той з вышэйшага эшалона здзівіўся, чаму, бо жанчыны павінны мець роўныя правы з мужчынамі. Правільна, павінны, але гэта роўнасць, а не гендэр. Навошта змешваць адно з другім?" - кажа Кандрусевіч.

Фрагмент эксклюзіўнага інтэрв'ю мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на радыё Sputnik Беларусь глядзіце ў відэатрансляцыі.

Тэги:
Рэлігія, Тадэвуш Кандрусевіч

Яшчэ відэа

Галоўныя тэмы