Прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка наведаў у пятніцу Мінскі аўтазавод. Кіраўніку ўрада паказалі і гоначныя грузавікі, на якіх каманда "МАЗ-СПОРТаўта" выступае ў міжнародных ралі-рэйдах. А кіраўнік каманды Сяргей Вязовіч распавёў, як нараджаюцца чырвоныя каміёны.
"У нас ёсць свой канструктарскі аддзел. Мы самі малюем свае аўтамабілі, а потым гэта перадаецца ў вытворчасць. Задзейнічаны ўвесь завод", - сказаў гоншчык. Кароткі ролік гутаркі Галоўчанкі і Вязовіча апублікавала прэс-сакратар Савета міністраў Аляксандра Ісаева.
Кіраўнік каманды распавёў, што з тых дэталяў, якія не выкарыстоўвае аўтазавод пры вытворчасці грузавікоў, у каміёнах каманды толькі амартызатары, рысоры і рухавік. І ралійныя грузавікі - гэта цалкам ручная зборка, дадаў гоншчык.
Задаўшы Вязовічу яшчэ шэраг пытанняў, Галоўчанка адзначыў важнасць таго, што МАЗ прысутнічае ў такім відзе спорту, як міжнародныя ралі.
Каманда "МАЗ-СПОРТаўта" за сваю гісторыю двойчы прысутнічала на подыуме ралі-рэйду "Дакар" і выйгравала ралі ў Марока. "Чырвоныя зубры" плануюць ўдзел і ў будучыні "Дакары-2021", які пройдзе з 3 па 15 студзеня ў Саудаўскай Аравіі.