Асаблівай тэмай 2017 года стане, вядома ж, 100-годдзе Кастрычніцкай рэвалюцыі. У доме-музеі I з'езда РСДРП пачынаючы з гадавіны лютаўскай рэвалюцыі экспазіцыя аб 1917 будзе мяняцца кожны месяц. Менавіта так тут будзе распавядацца пра тое, чым жыў рэвалюцыйны Мінск у гэтыя дні роўна 100 гадоў таму.
"Паказ 1917 года мы плануем вельмі дэтальным. Гэта будуць невялікія тэматычныя выставы, якія будуць распавядаць пра падзеі, якія адбываліся 100 гадоў таму ў Мінску ў гэты час. Лістапад стане вялікай тоўстай кропкай у гэтым праекце — гэтую выставу мы пакуль умоўна называем "1917", — распавёў дырэктар музея 1 з'езда РСДРП Сяргей Рэчкін на прэсканферэнцыі ў міжнародным прэс-цэнтры Sputnik.
Падарункі для сяброў
Тым жа, хто не згодны чакаць доўга, можна наведаць дзеючую выставу ў Музеі сучаснай беларускай дзяржаўнасці, якая прысвечана 25-годдзю дыпламатычных адносін Кітайскай народнай рэспублікі і Беларусі. На ёй прадстаўлены унікальныя падарункі, якія атрымлівалі кіраўнікі дзяржаў, вышэйшыя чыноўнікі пры абменных візітах.
"Не гледзячы на тое, што музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці знаходзіцца ў Адміністрацыі прэзідэнта, ахоўным аб'екце, патрапіць у яго не складана. Для гэтага ўсяго толькі неабходны пашпарт", — распавёў дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Алег Рыжкоў.
Паводле яго слоў, колькасць і ўзровень прадстаўленых экспанатаў кажа аб трывалых сяброўскіх адносінах паміж нашымі краінамі — такія падарункі дорацца толькі сябрам.
Ювелірная рэстаўрацыя
Зусім хутка ў Нацыянальным гістарычным музеі адбудзецца прэзентацыя унікальнага арната (строя каталіцкага святара) канца XVIII стагоддзя, які цалкам упрыгожаны слуцкімі паясамі.
"Можна будзе ўразіцца не толькі майстэрствам старажытных умельцаў, але і працай нашага рэстаўратара, які зрабіў найтанчэйшую, па-сапраўднаму ювелірную працу", — распавёў Алег Рыжкоў.
Квэст для ўсёй сям'і
Па словах навуковага супрацоўніка аддзела музейнай камунікацыі Дар'і Вострагаловай, гістарычны музей становіцца ўсё больш інтэрактыўным.
"Сюды можна прыходзіць ўсёй сям'ёй, лепш за ўсё ў выходныя. Тут знойдзецца занятак па душы і для дзяцей і для бацькоў. Для дарослых — экскурсійная праграма, для дзяцей — інтэрактыўная, потым можна будзе паўдзельнічаць у майстар-класе, пасля разам паслухаць казкі з беларускімі пісьменнікамі (заўтра, напрыклад, у музеі будзе чытаць казкі Алена Масла). Мы б хацелі, каб музей быў месцам сямейнага адпачынку", — патлумачыла яна.
Ну а самыя адданыя прыхільнікі гісторыі могуць праверыць свае сілы, паўдзельнічаўшы ў музейным квэсце.
"У нас ужо ёсць некалькі квэстаў — і па музеі, і па горадзе. Яны выклікаюць усё большую цікавасць у публікі, — мы плануем пашыраць іх колькасць. У музея некалькі філіялаў, і ў нашых планах ствараць квэсты, якія б іх аб'ядналі", — распавяла Дар'я Вострагаловая.
"Мы ўважліва адсочваем, як людзі карыстаюцца нашымі квэстамі — дык вось, у іх гулялі нават у навагоднюю ноч", — дадаў Алег Рыжкоў.