МІНСК, 24 ліп — Sputnik. Чэмпіянат свету па верталётным спорце ўпершыню пройдзе ў Беларусі ў 2018 годзе, заявіў на прэзентацыі новай базы Мінскага аэраклуба ДТСААФ кіраўнік Беларускай федэрацыі авіяцыйнага спорту Аляксандр Цэнцер.
"Гэта не першы сусветны чэмпіянат у Беларусі па верталётным спорце: сусветнае першынство ўжо праводзілася ў 1978 годзе ў Віцебску на базе аэраклуба ДТСААФ, і вось праз 40 гадоў Беларусь зноў прымае ЧС", — распавёў Цэнцер.
Мяркуецца, што з 24 па 29 лiпеня 2018 года на мінскім аэрадроме будуць змагацца лепшыя пілоты з некалькіх дзясяткаў краін. Дарэчы, на мінулым чэмпіянаце беларускія пілоты сталі другімі, а тры беларускія спартоўцы патрапілі ў дзясятку лепшых верталётчыкаў свету.
У рамках падрыхтоўкі да будучага першынства ў Мінску на аэрадроме Баравая пройдзе тэст-чэмпіянат: 27 экіпажаў з пяці краін на працягу шасці дзён з 25 па 30 ліпеня будуць змагацца за медалі ў сямі дысцыплінах.
Цэнцер нагадаў, што верталётны спорт быў прыдуманы для ўдасканалення навыкаў пілотаў.
"Для чаго былі прыдуманы верталёты? Каб можна было ў любую хвіліну апынуцца ў любым пункце, куды нельга даехаць. Для таго, каб пілоты маглі гэта зрабіць у любых умовах, былі прыдуманы адмысловыя складаныя практыкаванні, якія сталі асновай для правядзення спаборніцтваў", — распавёў Цэнцер.
Пілоты будуць спаборнічаць у верталётным слаламе, фрыстайле, гонках з грузамі і іншых дысцыплінах.