МІНСК, 8 ліс — Sputnik. Беларусь і Расія пацвердзілі свой удзел у міжнародным конкурсе песні "Еўрабачанне-2018", які пройдзе ў маі наступнага года ў сталіцы Партугаліі — Лісабоне, паведамілі Sputnik у прэс-службе Еўрапейскага вяшчальнага саюза.
Лісабон атрымаў права правядзення "Еўрабачання" пасля перамогі на конкурсе 2017 года прадстаўніка Партугаліі Сальвадора Сабрала.
У чарговым "Еўрабачанні" возьмуць удзел 42 краіны, у тым ліку Беларусь. Вернецца на сцэну конкурсу Расія — у бягучым годзе з-за забароны спявачцы Юліі Самойлавай на ўезд на тэрыторыю Украіны расійскі "Першы канал" быў вымушаны адмовіцца ад удзелу ў шоу і яго трансляцыі.
Зноў прыме ўдзел у "Еўрабачанні" і Аўстралія, а таксама большасць краін Еўропы. Новыя дзяржавы ў наступным годзе да конкурсу не далучацца — раней хадзілі чуткі аб магчымым вяртанні Турцыі або ўдзеле Казахстана.
Беларусь на "Еўрабачанні-2017" прадстаўляў дуэт Naviband. Па выніках галасавання тэлегледачоў і прафесійнага журы ў фінале беларусы занялі 17-е месца. Імя прадстаўніка рэспублікі на шоу наступнага года яшчэ не вызначана: яно стане вядома па выніках праведзенага Белтэлерадыёкампаніяй адбору.