МІНСК, 8 лют — Sputnik. Беларускай мовы павінна быць больш на старонках дзяржаўнай прэсы, заявіў у МПЦ Sputnik галоўны рэдактар газеты "Народная воля".
Паводле яго слоў, Міністэрству інфармацыі Беларусі трэба павялічыць адсотак тэкстаў на беларускай мове ў газетах і часопісах. У кантэксце будучых спаборніцтваў і магчымасці для Беларусі паказаць сваю культуру гасцям з Еўропы, важна паказаць асаблівасці нашай краіны, у першую чаргу — беларускую мову, і яе багацце ў друку.
"Для нас галоўнае сёння — вярнуць у Беларусь беларускае слова", — заявіў Сярэдзіч.
У ходзе дыскусіі ў МПЦ, галоўны рэдактар "Народнай волі" таксама адзначыў, што Мінск можа здацца гасцям і ўдзельнікам другіх Еўрапейскіх гульняў, якія пройдуць у 2019 годзе, "камуністычным запаведнікам", паколькі вуліцы беларускай сталіцы носяць імёны Леніна, Валадарскага і Фрунзэ.
У якасці альтэрнатывы Сярэдзіч прапанаваў сталічным уладам назваць адну з вуліц горада ў гонар народнага пісьменніка Васіля Быкава, і зрабіць гэта да пачатку Еўрапейскіх гульняў.
"Калі мы ганарымся сапраўды сваёй самабытнасцю і беларускасцю, трэба вырашаць гэтае пытанне сур'ёзна, на дзяржаўным узроўні", — сказаў ён.
Таксама Сярэдзіч адзначыў, што ў час правядзення гульняў і культурных мерапрыемстваў міліцыя і іншыя сілавыя структуры павінны паказаць сябе максімальна карэктна.
"Ужо з сённяшняга дня мы павінны ствараць самы станоўчы вобраз сваёй краіны", — рэзюмаваў ён.