МІНСК, 22 кра - Sputnik. Міністр аховы здароўя Беларусі Уладзімір Каранік не выключыў, што краіну можа наведаць яшчэ адна місія СААЗ - "па меры развіцця сітуацыі, калі будзе патрэба". У цяперашні час Міністэрства аховы здароўя падтрымлівае пастаянныя кантакты з Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя.
Місія СААЗ працавала ў Беларусі ў першай дэкадзе красавіка. Па выніках працы ў краіне была выпушчана справаздача, у якой СААЗ сярод іншага рэкамендавала беларускім уладам абмежаваць масавыя мерапрыемствы і ўвесці дыстанцыйнае навучанне ў ВНУ і школах.
Паводле слоў прэзідэнта Беларусі, эксперты СААЗ рэкамендавалі таксама абвясціць каранцін. Раней кіраўнік дзяржавы неаднаразова выказваўся супраць прыняцця жорсткіх мер па барацьбе з каронавірусам, аднак падкрэсліваў: у выпадку неабходнасці яны будуць прынятыя.
"Цяпер мы ўвесь час знаходзімся на сувязі. Нейкіх непаразуменняў і праблем з СААЗ у нас няма", - цытуе Каранік агенцтва БелТА.
Міністр зноў пацвердзіў журналістам, што сітуацыю з захворваннем СOVID-19 у Віцебску ўдалося стабілізаваць.
"Па Віцебску тэндэнцыя пацвярджаецца. Па астатніх рэгіёнах рост ідзе ў рамках прагназуемых лікаў", - сказаў журналістам Каранік.
Паводле яго слоў, рэсурсныя магчымасці сістэмы аховы здароўя на дадзены момант дазваляюць забяспечыць даступную і якасную медыцынскую дапамогу ўсім, хто мае ў гэтым патрэбу.