МIНСК, 14 лic - Sputnik. Кліп на песню "Птушка" з дэбютнага альбома Repeat стаў першым відэа гурта HURMA, знятым па-за межамі краіны.
"За апошні час у Амерыку з'ехала нямала маіх знаёмых, а сярод іх і два мае блізкія сябры. Для майго пакалення Амерыка — гэта такое выпрабаванне: змагу-не змагу і лагічны адказ на фразу "пора валить". Тым не менш у Амерыцы не ўсё так проста, як здаецца тут у Беларусі", — кажа Мікіта Найдзёнаў, лідар гурта.
Рэжысёрам, аператарам і галоўнай гераіняй кліпа стала Дар'я Баталава. Маладая відэамэйкер выпадкова пачула гурт на летнім фестывалі ў Гродна. Пакінула камент пра выступленне ў суполцы HURMA, а потым ёй напісаў Мікіта і прапанаваў зрабіць кліп на песню.
"Птушка" — гэта ў нейкай ступені песня і пра мяне: я ў сваім жыцці і праўда злятала ў Штаты з бацькоўскае хаты. Падагнаць матэрыял пад песню аказалася нескладана. А вось манціраваць было няпроста. Бо я жыву не ў Мінску, а на адлегласці двум творчым асобам цяжка дамовіцца, якім павінна быць іх сумесная творчая праца. Таму давялося шмат мяняць, выразаць, дадаваць, потым вяртаць старое, зноў падклейваць новае", — дзеліцца Дар'я.