Святлана Ліцкевіч, Sputnik
Мне давялося аднойчы назіраць за працай Елізар'ева. Калі ён яшчэ быў мастацкім кіраўніком Вялікага. У той дзень давалі "Лебядзінае возера" Чайкоўскага. Спектакль, які ў балетных лічыцца адным з самых складаных. Калі прагучаў апошні званок, Елізар'еў ішоў скрозь натоўп да свайго месца за сцэнай. У балерын распраўляліся і без таго бездакорныя спінкі, і гэты невысокі чалавек здаваўся большым за рослых танцоўшчыкаў. Яго сустракалі з аняменнем. Але не баяліся — паважалі.
Хоць было цалкам зразумела, што гэта чалавек па-балетнаму жорсткі, патрабавальны і педантычны. Эфемерная лёгкасць самага прыгожага з мастацтваў даецца цяжкой працай.
Кожны спектакль Елізар'еў абавязкова сядзеў за левай кулісай сцэны, дзе для яго было зроблена адкідное крэсла — як у калідоры купэйнага вагона. З яго ён праглядаў ўсе спектаклі. Як мне сказалі тады ў тэатры, "амаль без пропускаў, хіба што ў камандзіроўцы або захварэў".
Шмат хто з артысаў трупы прыехаў "да Елізар'ева" і застаўся ў Мінску. Напрыклад, японка Мікі Ватанабе — яе гісторыю мне расказвалі як тэатральную легенду. Пасля маскоўскага харэаграфічнага яна папрасілася ў Мінск, хацела танцаваць у Елізар'ева. Мэтр паверыў у юнае дараванне і запрасіў. Вельмі хутка працавітая японка стала салісткай. Яна выйшла замуж за саліста балета. Цяпер яны танцуюць у іншай краіне.
Танцаваць у яго было прэстыжна. Ён любіў паўтараць, што адказвае за ўсё — за кожны рух танцоўшчыка, за гук аркестра, за эмоцыю гледачоў. І тэатральшчыкі жартавалі, што нішто так не паляпшае спектакль, як Елізар'еў, які сядзіць у кулісах.
А потым быў яго шумны сыход з тэатра. Пасля капітальнага рамонту ў выдатным вызалачаным тэатры яму прапанавалі толькі месца мастацкага кіраўніка. У дырэктарскае крэсла, якое Елізар'еў займаў шмат гадоў, сеў чарговы беларускі чыноўнік. Чамусьці наверсе вырашылі, што кіраўнік з ўладнай вертыкалі справіцца з упраўленнем тэатрам лепш.
Елізар'еву, які быў 30 гадоў візітнай карткай беларускага балета і стварыў спектаклі, пасля якіх пра мінскую балетную школу загаварылі як пра велічыню, прапанавалі зноў стаць мастацкім кіраўніком — як у 1973 годзе, калі ён толькі прыйшоў у тэатр. Быццам нагадалі, што час заўсёды ідзе па спіралі.
Харэограф тады сышоў з вялікай крыўдай. Але сказаў, што будзе працаваць з беларускай трупай, калі запросяць. Не запрасілі.
У тэатры ідуць спектаклі ў яго пастаноўцы. У гісторыі тэатра час Елізар'ева застаўся старонкай, якую не вырваць. Хоць хутка перагортваць, не зазіраючы, усё ж такі спрабуюць. На афіцыйным сайце яго роля ў гісторыі тэатра — спехам пералічаныя праз коску спектаклі, якія паставіў.
Знакаміты харэограф ставіць балеты ў іншых краінах, выкладае. Ён запатрабаваны. Хоць у нешматлікіх інтэрв'ю прызнаецца, што сумуе без тэатра, якому прысвяціў столькі гадоў. Сучасны класічны балет — ён імённы. Калі пра спектакль даўно ўжо гаворыць не імя тэатра, а імя яго пастаноўшчыка. І імя беларускага балета — гэта Валянцін Елізар'еў.