Імя беларускага балета

CC BY-SA 3.0 / Wikipedia / Own workБалетмайстр Валянцін Елізар'еў
Балетмайстр Валянцін Елізар'еў - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Валянціну Елізар'еву 22 красавіка ўручаць медаль ЮНЕСКА "5 кантынентаў" за важкі ўнёсак у развіццё міжнароднага культурнага супрацоўніцтва. Калумніст Sputnik успамінае сваю сустрэчу з майстрам.

Святлана Ліцкевіч, Sputnik

Мне давялося аднойчы назіраць за працай Елізар'ева. Калі ён яшчэ быў мастацкім кіраўніком Вялікага. У той дзень давалі "Лебядзінае возера" Чайкоўскага. Спектакль, які ў балетных лічыцца адным з самых складаных. Калі прагучаў апошні званок, Елізар'еў ішоў скрозь натоўп да свайго месца за сцэнай. У балерын распраўляліся і без таго бездакорныя спінкі, і гэты невысокі чалавек здаваўся большым за рослых танцоўшчыкаў. Яго сустракалі з аняменнем. Але не баяліся — паважалі.

Хоць было цалкам зразумела, што гэта чалавек па-балетнаму жорсткі, патрабавальны і педантычны. Эфемерная лёгкасць самага прыгожага з мастацтваў даецца цяжкой працай.

Кожны спектакль Елізар'еў абавязкова сядзеў за левай кулісай сцэны, дзе для яго было зроблена адкідное крэсла — як у калідоры купэйнага вагона. З яго ён праглядаў ўсе спектаклі. Як мне сказалі тады ў тэатры, "амаль без пропускаў, хіба што ў камандзіроўцы або захварэў".

Шмат хто з артысаў трупы прыехаў "да Елізар'ева" і застаўся ў Мінску. Напрыклад, японка Мікі Ватанабе — яе гісторыю мне расказвалі як тэатральную легенду. Пасля маскоўскага харэаграфічнага яна папрасілася ў Мінск, хацела танцаваць у Елізар'ева. Мэтр паверыў у юнае дараванне і запрасіў. Вельмі хутка працавітая японка стала салісткай. Яна выйшла замуж за саліста балета. Цяпер яны танцуюць у іншай краіне.

Танцаваць у яго было прэстыжна. Ён любіў паўтараць, што адказвае за ўсё — за кожны рух танцоўшчыка, за гук аркестра, за эмоцыю гледачоў. І тэатральшчыкі жартавалі, што нішто так не паляпшае спектакль, як Елізар'еў, які сядзіць у кулісах.

© Sputnik / Драчев / Перайсці ў медыябанкГалоўны балетмайстр дзяржаўнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета БССР Валянцін Елізар"еў.
Валентин Елизарьев - Sputnik Беларусь
Галоўны балетмайстр дзяржаўнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета БССР Валянцін Елізар"еў.

А потым быў яго шумны сыход з тэатра. Пасля капітальнага рамонту ў выдатным вызалачаным тэатры яму прапанавалі толькі месца мастацкага кіраўніка. У дырэктарскае крэсла, якое Елізар'еў займаў шмат гадоў, сеў чарговы беларускі чыноўнік. Чамусьці наверсе вырашылі, што кіраўнік з ўладнай вертыкалі справіцца з упраўленнем тэатрам лепш.

Елізар'еву, які быў 30 гадоў візітнай карткай беларускага балета і стварыў спектаклі, пасля якіх пра мінскую балетную школу загаварылі як пра велічыню, прапанавалі зноў стаць мастацкім кіраўніком — як у 1973 годзе, калі ён толькі прыйшоў у тэатр. Быццам нагадалі, што час заўсёды ідзе па спіралі.

Харэограф тады сышоў з вялікай крыўдай. Але сказаў, што будзе працаваць з беларускай трупай, калі запросяць. Не запрасілі.

У тэатры ідуць спектаклі ў яго пастаноўцы. У гісторыі тэатра час Елізар'ева застаўся старонкай, якую не вырваць. Хоць хутка перагортваць, не зазіраючы, усё ж такі спрабуюць. На афіцыйным сайце яго роля ў гісторыі тэатра — спехам пералічаныя праз коску спектаклі, якія паставіў.

Знакаміты харэограф ставіць балеты ў іншых краінах, выкладае. Ён запатрабаваны. Хоць у нешматлікіх інтэрв'ю прызнаецца, што сумуе без тэатра, якому прысвяціў столькі гадоў. Сучасны класічны балет — ён імённы. Калі пра спектакль даўно ўжо гаворыць не імя тэатра, а імя яго пастаноўшчыка. І імя беларускага балета — гэта Валянцін Елізар'еў.

Стужка навiн
0