Віталь Чуясаў, Sputnik
У канцы зімы — пачатку вясны беларусы традыцыйна плануюць свой летні адпачынак. Пра перспектывы развіцця нацыянальнай турыстычнай індустрыі ў 2015 годзе карэспандэнту Sputnik распавёў дырэктар Рэспубліканскага саюза турыстычных арганізацый Валянцін Цэхмейсцер.
Напрамкі
Эксперт лічыць, што ў выязным турызме захоўваюцца традыцыйныя тэндэнцыі — цёплае мора, горы — тое, чаго няма ў Беларусі.
"Паездкі з дзецьмі да мора застаюцца асноўным відам адпачынку. Традыцыйна едуць у Балгарыю, Турцыю, Чарнагорыю, Грэцыю, Італію, Іспанію. Таксама заўсёды былі папулярныя ў беларусаў недарагія экскурсійныя аўтобусныя туры па Еўропе", — адзначыў Цэхмейсцер.
Спецыяліст звярнуў увагу турыстаў, якія збіраюцца адпачыць на чарнаморскім узбярэжжы такіх краін, як Румынія, аддаваць перавагу авіапералётам або планаваць аўтамабільныя маршруты ў аб'езд тэрыторыі Украіны.
У 2014 годзе для беларускіх турыстаў практычна зачыніліся такія надзвычай папулярныя напрамкі малабюджэтнага пляжнага і аздараўленчага адпачынку, як Крым і Адэса. Турыстычныя кампаніі Беларусі арганізоўвалі ў асноўным разавыя туры, з рэспублікі хадзілі цягнікі ў рэжыме закрытага транзіту.
На думку Цэхмейсцера, не варта чакаць змен у гэтых напрамках і сёлета. Спецыяліст звязвае гэта з тым, што да Крыма рэзка ўзрасце попыт з боку расійскіх турыстаў, а значыць, узнікнуць чэргі на паромнай пераправе.
"Дабірацца да Крыма праз тэрыторыю Расіі будзе доўга і цяжка", — лічыць эксперт. Ён таксама сумняецца, што беларускіх турыстаў зацікавіць магчымасць ляцець на самалёце на паўвостраў з Масквы. Альтэрнатывай маглі б стаць авіяцыйныя маршруты фармату лоукост з Мінска, але яны пакуль не плануюцца.
У той жа час Цэхмейсцер адзначыў, што толькі частка беларускіх турыстаў, якія раней аддавалі перавагу Крыму, пераарыентавалася на іншыя кірункі — Балгарыю і Турцыю. Астатнія проста адмовіліся ад выезду на адпачынак за мяжу.
Кропкай росту для беларускай турыстычнай індустрыі можа стаць Ізраіль пасля заканчэння працэдур ратыфікацыі пагаднення аб бязвізавых паездках грамадзян дзвюх краін у красавіку.
Цэны
Эксперт выказаў меркаванне, што на папулярных замежных кірунках, такіх як Турцыя, кошт пражывання знізіцца нязначна — у межах 10% да мінулага года. Гэта звязана з тым, што беларускія турысты "не робяць надвор'я" на рынку міжнароднага турызму. Для беларусаў таксама застаецца параўнальна высокі кошт балгарскай візы — 60 еўра.
У дачыненні да ўязнога і ўнутранага турызму Цэхмейсцер канстатаваў, што кошт беларускіх санаторыяў і гасцініц прывёў да таго, што цана за пражыванне "ўзляцела да нябёсаў". У якасці прыкладу ён прывёў сітуацыю з актуальнымі коштамі ў адну з беларускіх здраўніц: за 5 дзён з адпачывальніка папрасілі 4 млн рублёў — каля 260 долараў у эквіваленце. Гэта адпавядае цэнам у Чэхіі, на курортах Карлавых Вар. Такія лічбы, на думку Цейхмесцера, прыводзяць да таго, што санаторыі Беларусі губляюць прывабнасць не толькі ў беларускага, але і расійскага турыста. І такая тэндэнцыя можа захавацца ў 2015-м з улікам крызісных тэндэнцый у расійскай эканоміцы.
Неадэкватная коштавая кан'юнктура і адсутнасць гнуткасці беларускай інфраструктуры гасціннасці выклікае асаблівую заклапочанасць. У Расіі, па словах спецыяліста, праводзіцца магутная маркетынгавая кампанія па папулярызацыі адпачынку на радзіме, таму варта чакаць пэўнага пераразмеркавання турыстычных патокаў, і, на жаль, не на карысць Беларусі.
"Цэны выраслі, а сэрвіс застаўся ранейшым, не прапанавана вялікай разнастайнасці новых паслуг. Не было зроблена своечасовых інвестыцый падобна тым, якія адбыліся, напрыклад, у Друскінінкаі. Моманты, звязаныя з кан'юнктурай і пераразмеркаваннем попыту, адаб'юцца на турыстычных кампаніях", — лічыць эксперт.
Цэхмейсцер прагназуе, што знізіцца цікавасць да Беларусі з боку гасцей з Расіі нават на майскія святы.
"Расіяне традыцыйна прыязджалі ў Мінск пагуляць, пабадзяцца па горадзе, блізкаму ім па духу, прывабнаму па цэнах. Але ў гэтым годзе іх паток значна паменшыцца ў сувязі з узмацненнем прывабнасці адпачынку ў Расіі і каласальнымі зніжкамі ў Маскве. Там суткі ў хостэле каштуюць 8 долараў, у нас — 10-15 еўра, у чатырохзоркавым нумары маскоўскай гасцініцы сеткі "Марыот" — каля 50 долараў у 2-мясцовым нумары, у нас у аналагічнай гасцініцы — 140 еўра", — прыводзіць параўнанні не на карысць Мінска спецыяліст.
Спадзяванні
Беларускія турысты ўжо пачалі браніраваць летнія пуцёўкі, і, па папярэдніх дадзеных турфірм, попыт асеў на 30-50%.
"Апошнія крызісныя з'явы ў эканоміцы наклалі свой адбітак", — пракаментаваў эксперт. Пры гэтым ён не губляе аптымізму і спадзяецца, што ў 2015 годзе беларускі турыст "нешта дастане са схованак і працягне адпачываць". На фоне падзення попыту Цейхмейсцер не прагназуе поўнай адмовы ад арганізаванага адпачынку сярод беларусаў, але магчымы зрух у больш бюджэтныя варыянты — з выбарам таннага жылля і з памяншэннем колькасці паслуг: "Шыкаваць пакуль не будуць".
Пэўныя рэзервы ў матывацыі паездак за мяжу з'яўляюцца ў сувязі са зніжэннем коштаў з боку айчыннага авіаперавозчыка.
На фоне серыі банкруцтваў у 2014 годзе некалькіх расійскіх турфірмаў беларускія гульцы прадэманстравалі стабільнасць і надзейнасць, што павысіла аўтарытэт беларускага турбізнесу.
"У нашы турфірмы за пуцёўкамі сталі часцей звяртацца і расійскія турысты. Вядома, у рамках агульнага падзення турпатоку з Расіі за кошт гэтага сегмента кампенсацыі попыту чакаць не варта, але сам факт выклікае станоўчыя ацэнкі і працуе на імідж айчынных тураператараў", — заявіў Цэхмейсцер.
Каментуючы вопыт правядзення ў Мінску ў 2014 годзе ЧС па хакеі, ён адзначыў, што для атрымання адпаведнага эфекту і фарміравання станоўчых тэндэнцый неабходны час. Безумоўна, пазітыўным прадстаўнік туріндустрыі лічыць адкрыццё пад час ЧС беларускай мяжы і максімальнае спрашчэнне візавых фармальнасцяў.
"Мы б хацелі распаўсюдзіць гэты вопыт не толькі на спартыўныя спаборніцтвы, але і на дзелавыя, культурныя падзеі ў Беларусі", — заявіў Цэхмейсцер. Аднак сёлета, па яго дадзеных, такіх падзей не прадбачыцца. "Гэты год, думаю, сыдзе ў размовы", — шкадуе ён.
Эксперт таксама лічыць неабходным пашырыць межы для правядзення ў Беларусі падзей, якія маглі б зацікавіць замежнага турыста, інакш будзе складана забяспечыць нармальную запаўняльнасць ўжо пабудаваных гасцініц.
У такой сітуацыі Цэхмейсцер прагназуе зніжэнне амбіцый у асяроддзі турбізнесу і прыходзіць да высновы, што "лепш усім зарабляць стабільна і патроху ў такі нялёгкі для бізнесу час, чым камусьці глыбока правальвацца і набліжацца да банкруцтва, а камусьці спрабаваць выехаць манапольна".