Мінск, 17 сак — Sputnik. Міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў збірае мінскіх выкладчыкаў для абмеркавання пытання аб выкладанні на беларускай мове гісторыі краіны.
Міхаіл Жураўкоў быў назначаны на пост міністра адукацыі 27 снежня 2014 года.
"На наступным тыдні мы збяром настаўнікаў з мінскіх школ, каб абмеркаваць пытанне выкладання гісторыі і геаграфіі Беларусі на беларускай мове", — паведаміў міністр на прэс-канферэнцыі ў сераду. "Тое, што гэтыя дысцыпліны трэба выкладаць у школе па-беларуску, мы перекананы. І мы да гэтага прыйдзем," —сказаў міністр.
"Як можна ў школе разважаць аб гісторыі Беларусі не на беларускай мове?", — задаў рытарычнае пытанне кіраўнік Мінадукацыі.
Ён таксама адзначыў, што ў студэнцкім асяроддзі расце цікавасць да беларускай мовы. "Да прыкладу, у БДУ студэнты не толькі філалагічнага і гістарычнага факультэтаў імкнуцца размаўляць на роднай мове, але і студэнты тэхнічных спецыяльнасцей. І выкладчыкі ў сваю чаргу падкрэсліваюць, што яны з задавальненнем слухаюць адказы студэнтаў на беларускай мове", — зазначыў міністр.
Пры гэтым ён адзначыў, што яму прыемна бачыць, што ў сацсетках ёсць суполкі, у якіх студэнты пішуць на беларускай мове.
"Я ўпэўнены, што мы прыйдзем да таго, што шмат дысцыплін у ВНУ будзе выкладацца на беларускай мове", - дадаў ен.
Аднак Жураўкоў не падтрымлівае ідэю цалкам перавесці выкладанне ў школах і ВНУ рэспублікі на беларускую мову. "Да гэтай ідэі я стаўлюся вельмі асцярожна. Большасць людзей у нашай краіне — рускамоўныя", — дадаў ён.