Ноч культурных эксперыментаў, самы вялікі дранік і Бах у метро

© Flickr / HippieDudeТруба і ноты Баха
Труба і ноты Баха - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Самыя яскравыя і незвычайныя варыянты адпачынку для надыходзячых выхадных—у традыцыйным аглядзе Sputnik.

Вера Дашкевіч, Sputnik

;Калі тэлевізар, як від адпачынку, вас ужо не задавальняе, калі хочацца новых уражанняў, прыгледзьцеся да рэкамендацый Sputnik, як весела правесці час у надыходзячыя выходныя.

Бах ў пераходах Мінска

У падземных пераходах мінскага метро ў гэтую суботу з 15:00 да 16:00 будзе гучаць Іаган Себасцьян Бах. Граць будуць прафесіяналы — салісты Беларускай дзяржаўнай філармоніі і студэнты акадэміі музыкі. Такім чынам маладыя выканаўцы вырашылі адзначыць юбілей паважанага мэтра. У гэтым годзе спаўняецца 330 гадоў са дня нараджэння кампазітара.

Праграму фармавалі з аглядкай на месца. У шумных людных пераходах (у раёне плошчы Якуба Коласа, да прыкладу) вырашылі граць на ўдарных, на "ціхіх" станцыях — на флейце або скрыпцы.

Пачуць Баха можна будзе на "Нямізе" у выкананні Юрыя Навуменка (кантрабас) і Анастасіі Паповай (скрыпка), на "Кастрычніцкай" — Вольга Шырынава і Ганна Шафрановская (флейты), на "Пушкінскай" — Андрэй Цалко (баян), на "Каменнай горцы" Кацярына Марэцкая (электронная фартэпіяна), на "Пралетарскай"- Ілона Лесь (віяланчэль), на "Трактарным заводзе" — Анастасія Валадкевіч і Канстанцін Валадкевіч (габой і скрыпка), на "Фрунзенскай"- Максім Забара (фагот), на "Магілёўскай" — Дзмітрый Антаневіч (флейта), на "Плошчы Перамогі" — Вераніка Прадзед (цымбалы), на станцыі " Плошча Якуба Коласа"- ансамбль ударных інструментаў.

Двухметровы дранік

Самы вялікі ў Беларусі дранік выпекуць 21 сакавіка ў сядзібна-паркавым комплексе "Панскі маёнтак Сула". Кулінарны атракцыён вырашылі зладзіць з нагоды старажытнабеларускага фестывалю сонца і раўнадзенства "Солнцаварот" які тут арганізуюць. Мяркуецца, што ў дыяметры дранік будзе не менш за два метры. Такія параметры выбралі па двух прычынах: каб трапіць у кнігу рэкордаў Гінеса і каб хапіла на ўсіх гасцей.

Акрамя пачастункаў, прадугледжана і культурна-адукацыйная праграма. Госці фестывалю змогуць паўдзельнічаць у старажытных абрадах — "Гуканне вясны" і "Абуджэнне мядзведзя". А яшчэ будуць танцы і канцэрт гурта "Стары Ольса".

Пачатак свята 21 сакавіка ў 13:00. Кошт квіткоў: 100 тысяч рублёў для дарослых, 50 тысяч — для школьнікаў, для дашкалят уваход вольны.

І зноў "Гуканне вясны"

Вясна напэўна вырашыла ў гэтым годзе падыграць беларускім сядзібам і этнографам, якія яшчэ не паспелі сабраць гасцей на традыцыйныя абрады. У выхадныя зноў пахаладанне, а, значыць, ёсць усе падставы "пагукаць вясну". На гэты раз гэта можна будзе зрабіць у "Дудутках". Абяцаюць народныя абрадавыя песні, вясновы карагод, майстар-клас па стварэнні традыцыйных "жаўрукоў" з цеста… і проста весялосьць. Можна будзе паўдзельнічаць у традыцыйных "шляхецкіх" забавах: стральбе з лука, перацягванні каната, спаборніцтвы валоданні баявой сякерай і мячом… Самых актыўных адзначаць падарункамі.

Пачатак свята 21 сакавіка ў 12:00. Кошт квіткоў: 100 тысяч рублёў для дарослых, 60 тысяч — для школьнікаў. Для дашкольнікаў уваход вольны.

Запаліць культурную ноч!

Ніякай класікі і акадэмічных правілаў. Толькі свабода і творчасць. А дакладней графіці, арт-аб'екты, інсталяцыі і іншае навамодныя хуліганствы. Цэнтр сучасных мастацтваў прадстаўляе выставачны інтэрактыўны праект вулічнага мастацтва Расіі "TIME FOR ART". Прычым постэры, палотны, ілюстрацыі, сцікеры будуць даступныя для гасцей кругласутачна. Адначасова для ўсіх зацікаўленых будуць праводзіцца лекцыі, воркшопы і майстар-класы прыезджых вулічных мастакоў. Сярод іншых забаў праекта — скетч-батл, іншымі словамі, конкурс на лепшы малюнак, у якім могуць прыняць удзел усе жадаючыя.

Урачыстае адкрыццё выставы адбудзецца 20 сакавіка ў 19:00, на вечар пятніцы запланаваны першыя ж майстар-класы. Свята вулічнага мастацтва працягнецца ўсю ноч і ўвесь наступны дзень. Абмяняцца уражаннем і вопытам ўдзельнікі і госці праекта будуць да паўночы суботы.

Стрыт-арт выстава пройдзе ў Цэнтры сучасных мастацтваў па адрасе Мінск, вул. Някрасава, 3

Коні

Міжнародная выстава коней будзе праходзіць у суботу і нядзелю ў Мінскім спарткомплексе "Дынама". Акрамя цікавай толькі спецыялістам выездцы абавязковай праграмы, адбудуцца і відовішчныя шоу, і паказальныя выступленні. Абяцаюць касцюміраваныя танцы і тэатралізаваныя выхады ("Каўбоі і індзейцы", "Сярэднявечча" і іншыя казачныя пастаноўкі). Асобнае прадстаўленне рыхтуюць поні.

Але, галоўнае, на выставе ва ўсёй красе можна будзе ўбачыць прадстаўнікоў розных парод: фрызаў, башкіраў, арабскіх скакуноў, ахалтэкінцаў, савецкіх цяжкавозаў, беларускіх запражных і іншых.

Выстава будзе працаваць два дні з 10:00 да 20:00 у Мінскім спарткомплексе "Дынама" па адрасе вул. Даўмана, 23. Кошт квіткоў: 90 тысяч рублёў для дарослых, 85 тысяч рублёў для дзяцей ад 5 да 12 гадоў, дзецям да 5 гадоў уваход вольны.

Танцуючыя робаты

Нятанны, але, пазнавальна-забаўляльны варыянт адпачынку для бацькоў з дзецьмі прапануюць арганізатары праекта "Баль робатаў". Адны машыны ўмеюць капіраваць жэсты, іншыя чытаюць казкі, трэція… Зрэшты, усіх сакрэтаў робаташоу арганізатары не раскрываюць, жадаючы захаваць інтрыгу. Але сцвярджаюць, што праект сабраў усе асноўныя дасягненні робататэхнікі апошняга часу з Амерыкі, Еўропы, Паўднёвай Карэі і Японіі.

Танцуючых, спяваючых і нават якія чытаючых Шэкспіра робатаў можна ўбачыць да 19 красавіка ў ГЦ "Скала" па адрасе вул. Пятра Глебкі 5. Выстава працуе з 11.00 да 21.00. Кошт квіткоў: 150 тысяч для дарослых, 110 тысяч для дзяцей.

Стужка навiн
0