МІНСК, 20 сак — Sputnik. Завяршылася здзелка па набыцці 100% акцый холдынгавай кампаніі MTB Investments (Кіпр), якой у сваю чаргу належыць 98,97% акцый ЗАТ "МТБанк", канчатковымі бенефіцыярнымі ўласнікамі банка сталі беларускі бізнэсмэн Аляксей Алексін і Іна Алексіна, паведамілі Sputnik ў банку.
Імя бізнэсмэна Алексіна стала вядомым шырокай публіцы ў 2013 годзе. Тады Следчы камітэт Беларусі заявіў пра затрыманне "заснавальніка шэрагу прадпрыемстваў, якія займаюцца рэалізацыяй нафтапрадуктаў, Аляксея Алексіна" у рамках расследавання крымінальнай справы ў дачыненні да намесніка старшыні канцэрна "Белнафтахім" Уладзіміра Волкава. Аднак неўзабаве Алексін, якога называюць "чалавекам" беларускага алігарха Юрыя Чыжа, быў вызвалены.
"Акцыі былі набыты ў ранейшых бенефіцыярных уласнікаў — структур беларускай інвестыцыйнай кампаніі "Зубр Капітал", заснаванай акцыянерамі міжнароднага аўтамабільнага холдынгу "Атлант-М" і амерыканскага інвестыцыйнага фонду Horizon Capital", — паведамілі ў МТБанку, не ўдакладніўшы пры гэтым суму здзелкі.
У банку таксама прывялі словы старшыні праўлення МТБанка Андрэя Жышкевіча, які лічыць, што "прыход новага акцыянера дасць магчымасць банку пераадолець аб'ектыўныя абмежаванні ранейшага перыяду развіцця, калі далейшы рост пачаў стрымлівацца памерам існуючага капіталу, а капітал рос толькі за кошт самакапіталізацыі".
Пра магчымасць выхаду "Зубр Капітал" з банкаўскага бізнесу ў мінулым годзе заяўляў кіраўнік фондам Алег МУС, які таксама з'яўляецца адным з заснавальнікаў аўтахолдынгу "Атлант-М".
"Атлант-М" стаў уласнікам МТБанка ў 2001 годзе. Horizon Capital валодаў 34% акцый банка. На сённяшні дзень МТБанк займаецца фінансаваннем нафтаперапрацоўкі, сельскай гаспадаркі, будаўнічай галіны, крэдытаваннем малога і сярэдняга бізнесу. Мае рознічны бізнес, беларускім фізічным асобам найбольш вядомы такі яго прадукт, як карта растэрміноўкі "Халва".