У аснову оперы "Царская нявеста" Мікалаем Рымскім-Корсакавым пакладзена драма рускага паэта, перакладчыка і драматурга Льва Мэя. Дзеянне оперы адбываецца ў эпоху Івана Грознага, у цяжкі час аб'яднання рускай дзяржавы, з аднаго боку, і жорсткай барацьбы царскай апрычніны з баярствам, з іншага.
Сюжэт "Царскай нявесты" тыповы для рамантычнай драмы: у прыгажуню Марфу, дачку наўгародскага купца, закаханы царскі апрычнік Рыгор Гразной і малады баярын Іван Лыкаў, апошняму дзяўчына адказвае ўзаемнасцю. Драма герояў і развіццю іх адносін ускладняюцца ўмяшаннем трэцяй фатальнай сілы — цара Івана Грознага, чый выбар на аглядзе нявест падае на Марфу. Вельмі рэалістычным падаецца вобраз пакінутай палюбоўніцы Гразнога Любашы, якая знаходзіць спосаб адпомсціць суперніцы.
Рыхтавалі "Царскую нявесту" лепшыя пастаноўшчыкі тэатра: дырыжор-пастаноўшчык Мікалай Калядка, рэжысёр Міхаіл Панжавідзэ, хормайстар-пастаноўшчык Ніна Ламановіч, мастак-пастаноўшчык Аляксандр Касцючэнка.
У спектаклі заняты вядучыя салісты Вялікага тэатра Беларусі: народныя артысты Беларусі Уладзімір Пятроў і Васіль Кавальчук; заслужаныя артысты Беларусі Уладзімір Громаў, Аксана Волкава, Аляксандр Кеда, Анастасія Масквіна; лаўрэаты міжнародных конкурсаў Наталля Акініна, Андрэй Валенцій, Таццяна Гаўрылава, Кацярына Галаўлёва, Алена Золава, Эдуард Мартынюк, Павел Пятроў, Станіслаў Трыфанаў.