МІНСК, 8 кра — Sputnik. Намеснік старшыні Мінгарвыканкама Ігар Карпенка заяўляе аб неабходнасці ўвесці ў краіне адказнасць за фальсіфікацыю гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
"Магчыма, узнікла неабходнасць на заканадаўчым узроўні замацаваць пэўную адказнасць за фальсіфікацыю гісторыі Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай вайны, паставіць заслон недарэчным выказванням хоць бы ў памяць аб загінуўшых і з павагі да ветэранаў, якія знаходзяцца ў страі," — заявіў Карпенка, які ўзначальвае таксама партыю камуністаў, на семінары для намеснікаў кіраўнікоў арганізацый і прадпрыемстваў па ідэалагічнай працы ў Мінску.
Паводле яго слоў, нельга дапусціць, каб гістарычныя факты перакручваліся, каб ім надавалі зусім другую афарбоўку. Такая сітуацыя, на думку першага сакратара ЦК КПБ, сустрэне адкрытае непаразуменне з боку ветэранаў, а моладзь з-за скажэння гісторыі рызыкуе у няправільным святле ўбачыць подзвіг сваіх дзядоў і прадзедаў.
"Цяпер настала неабходнасць абараняць праўду пра тую вайну", — падкрэсліў Карпенка.
Ён таксама агучыў дадзеныя сацыялагічных даследаванняў Мінскага навукова-даследчага інстытута сацыяльна-эканамічных праблем, якія сведчаць пра найбольшы клопат аб ветэранах ў Беларусі, што праяўляюць органы сацыяльнай абароны і аховы здароўя.