МІНСК, 14 кра — Sputnik. Валанцёры і грамадзянскія актывісты збіраюцца ўсталяваць другую алею крыжоў ва ўрочышчы Курапаты пад Мінскам, паведамляе сайт.
Непадалёку ад урочышча Курапаты некалькі гадоў ідзе будаўніства забаўляльнага комплексу "Бульбаш' — хол". Калектыўная скарга прадстаўнікоў грамадскасці супраць такога суседтства не была задаволена ў судзе. Тады валанцёры вырашылі навесці парадак з заходняга боку мемарыяла.
"У Курапатах аднаўляецца штотыднёвая талака па ўборцы мемарыяла памяці. У планах валанцёраў таксама стварэнне новай алеі крыжоў і стварэнне мемарыяла "дарога смерці", па якой у лясны масіў прывозілі прыгавораных да растрэлу", — цытуе сайт валанцёра ініцыятывы "За выратаванне мемарыяла "Курапаты" Ганну Шапуцько.
Паводле яе слоў, некалькі дзён назад у офісе БНФ адбылася сустрэча валанцёраў, на якой было прынята рашэнне пачаць талаку ў Курапатах 18 красавіка, напярэдадні Радуніцы, і скончыць працу да 29 кастрычніка, калі будуць адзначаць Дзень памяці ахвяр палітычных рэпрэсій.
Вырашылі, што валанцёры на працягу ўсяго гэтага перыяду будуць працаваць два дні на тыдні — у суботу з 12:00 да 15:00 і ў аўторак з 17:00 да 20:00, адзначыла Шапуцько. Яна ўдакладніла, што "брусоў для ўсталявання новых крыжоў яшчэ няма".
Яна напомніла, што акцыі па добраўладкаванні Курапат прайшлі ў 2013 і 2014 гадах.
Валанцёр таксама паведаміла, што ў канцы 2012 года ў разгар сітуацыі з будаўніцтвам "Бульбашъ- хол" валанцёры звярнулі ўвагу
"на страшэнны, закінуты стан большай часткі мемарыяла з заходняга боку".
"Тут была звалка старой мэблі, будаўнічых матэрыялаў, выкінутага аддзення, абутку, тут былі месцы, дзе "адпачывалі" наркаманы, бамжы, мясцовыя алкаголікі. Было проста нясцерпна бачыць, што гэта адбываецца на тэрыторыі помніка-захавання, дзе ляжаць тысячы і тысячы змучаных нашых продкаў", — сказала валанцёр Шапуцько.
Таму ўдзельнікі ініцыятывы "За выратаванне мемарыяла "Курапаты" вырашылі прыцягнуць грамадскасць, каб надаць мемарыялу прыстойны выгляд, падкрэсліла яна.
Урочышча пад Мінскам з'яўляецца месцам масавых пахаванняў ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Па некаторых ацэнках, тут пахаваны ад 30 да 200 тыс. чалавек. Тэрыторыя ўрочышча займае 15 гектараў і знаходзіцца пад аховай дзяржавы. Тут таксама ўстаноўлены мемарыяльны знак ад імені амерыканскага народа, які быў адкрыты падчас візіту ў Беларусь прэзідэнта ЗША Біла Клінтана 15 студзеня 1994 года.