МІНСК, 15 кра — Sputnik. Беларусы за апошнія 10 год сталі значна часцей наведваць музеі і тэатры і застаюцца адной з самых чытаючых нацый свету, паведаміў Белстат у Міжнародны дзень культуры.
Гэта свята адзначаецца штогод 15 красавіка ў дзень падпісання ў 1935 годзе міжнароднага пагаднення аб ахове мастацкіх, навуковых устаноў і гістарычных помнікаў. Усталяваць свята ў гэты дзень было прапанавана вядомым рускім мастаком-гуманістам Мікалаем Рэрыхам.
"Самым папулярным музеем на Беларусі прызнаны Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік "Нясвіж", за год яго наведвае амаль 440 тыс. чалавек", — паведамілі Sputnik у сераду ў Белстаце.
Другое месца займае Мемарыяльны комплекс "Брэсцкая крэпасць-герой" — яе наведвае амаль 400 тыс. чалавек за год, крыху менш наведваюць Гомельскі палацава-паркавы ансамбль — 306 тыс. наведванняў за год.
Зараз у рэспубліцы працуе 157 музеяў розных накірункаў — гістарычныя, комплексныя, мастацтвазнаўчыя, літаратурныя. Музейны фонд складае 3,2 млн экспанатаў — унікальных помнікаў нацыянальнай культуры, адзначылі ў Белстаце.
За 10 гадоў музейны фонд Беларусі павялічыўся на 16,2%, удакладнілі ў ведамстве.
Летась беларускія музеі наведалі больш за 6 млн чалавек, што на 53% больш, чым у 2005 годзе, паведамілі ў Белстаце.
Што тычыцца хіт-параду тэатраў, у Белстаце паведамілі, што на першым месцы па наведвальнасці знаходзіцца Нацыянальны Акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета, на другім — Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр, на трэцім — Нацыянальны акадэмічны тэатр.
Там таксама паведамілі, што беларусы застаюцца адной з самых чытаючых нацый свету.
За 2014 год публічныя бібліятэкі наведалі 3,5 млн чытачоў, якім было выдадзена 64,7 млн экзэмпляраў кніг, часопісаў і іншых друкаваных крыніц інфармацыі.
"Калі ўлічваць той факт, што патрабаванні карыстальнікаў растуць, бібліятэкі трансфармуюць напрамкі сваёй дзейнасці так, каб было зручна ўкараняць найноўшыя інфармацыйныя тэхналогіі. Ужо больш за палову публічных бібліятэк маюць доступ у інтэрнэт", — паведамілі ў Белстаце.