МІНСК, 15 кра — Sputnik. Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін па выніках мінулага года зарабіў 7,654 млн расійскіх рублёў (151.500 долараў ЗША), прэм'ер-міністр краіны Дзмітрый Мядзведзеў — звыш васьмі мільёнаў рублёў (159,4 тыс. долараў ЗША), паведамляецца на сайце Крамля.
Дэкларацыі аб даходах прадстаўнікоў расійскай улады апублікаваны ў сераду, 15 красавіка, на сайтах Крамля і ўрада краіны.
Зыходзячы з прадстаўленых дакументаў, відаць, што даход Пуціна ў 2014-м у параўнанні з 2013 годам вырас больш чым у два разы і склаў 7,654 млн рублёў (быў 3,6 млн).
Былы прэзідэнт Расіі, які зараз займае пасаду прэм'ер-міністра Мядзведзеў, згодна з дэкларацыямі, зарабіў грошай больш, чым дзеючы кіраўнік дзяржавы. Яго даходы ў 2014-м годзе склалі звыш васьмі мільёнаў рублёў (годам раней старшыня ўрада зарабіў 4,2 млн рублёў).
Даход міністра замежных спраў Расіі Сяргея Лаўрова ў летась складаў 6,1 млн рублёў (117,3 тыс. долараў ЗША). Даход прэс-сакратара прэзідэнта Дзмітрыя Пяскова склаў 9,1 млн рублёў (175 тысяч).
"Самым багатым" ў Крамлі чыноўнікам па выніках мінулага году стаў кіраўнік упраўлення прэзідэнта па сацыяльна-эканамічным супрацоўніцтве з дзяржавамі-удзельнікамі СНД, Абхазіяй і Паўднёвай Асеціяй Алег Гаварун. Яго заробак — 114 млн рублёў (2,3 млн долараў ЗША).
Другі радок у своеасаблівым рэйтынгу займае намеснік кіраўніка адміністрацыі Крамля Вячаслаў Валодзін, які зарабіў 62,93 млн рублёў (1,3 млн долараў ЗША). А яго кіраўнік Сяргей Іваноў ў 2014-м зарабіў практычна ў чатыры разы менш — 16,205 млн рублёў або 311.700 долараў ЗША (годам раней яго даход складаў 11 мільёнаў).
Ва ўрадзе РФ тройку "самых багатых" чыноўнікаў ўзначаліў Аляксандр Халопін — 280,6 млн рублёў (5,387 млн долараў ЗША), другое месца — у міністра па пытаннях Адкрытага ўрада РФ Міхаіла Абызава, які зарабіў 222 мільёны рублёў (4,271 млн долараў), на трэцім месцы размясціўся віцэ-прэм'ер Юрый Трутнеў з 179 мільёнамі рублёў даходу (3,443 млн долараў ЗША).
"Самыя бедныя" ў расійскім урадзе — міністр спорту Віталь Мутко (6,081 млн рублёў або амаль 117 тыс. долараў ЗША), кіраўнік Мінсельгаса Мікалай Фёдараў (4,7 млн рублёў або амаль 90,5 тыс. долараў) і міністр сувязі Мікалай Нікіфараў (4,9 млн рублёў або 94 тыс. долараў).
Чакаецца, што ў 2015 годзе даходы прэзідэнта і чыноўнікаў скароцяцца — раней Пуцін прыняў рашэнне зрэзаць зарплату сабе дзяржслужачым на 10%.