МІНСК, 16 кра Sputnik. Беларускія пілігрымы сустрэліся ў Рыме з Пантыфікам і запрасілі яго наведаць Беларусь, паведаміла РКЦ у РБ.
Пілігрымства семінарыстаў, выкладчыкаў і святароў Гродзенскай епархіі ў Вечны горад традыцыйна праводзіцца на Вялікдзень.
"Падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра ў Рыме 15 красавіка Папа Францішак накіраваў прывітанне настаяцелям i навучэнцам вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродна. На плошчы прысутнічалі епіскап Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і епіскап Гродзенскай епархіі Юзаф Станеўскі", паведамілі Sputnik ў чацвер у прэс- службе Рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі.
Там таксама адзначылі, што пачуць з вуснаў Папы словы на італьянскай мове да гродзенскіх семінарыстаў, якія былі накіраваны менавіта да іх, было вельмі нечакана. Зварот Папы Рымскага агучыў на беларускай мове ксёндз Аляксандр Амяльчэня.
Звяртаючыся да святароў і семінарыстаў, Папа сказаў: "Сардэчна вітаю настаяцеляў і семінарыстаў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне ў Беларусі, якія прыбылі ў пілігрымстве падзякі за 25 гадоў яе дзейнасці. Узлюбленыя, хай візіт да магіл святых апосталаў Пятра і Паўла нагадвае вам, што пакліканне да святарства, перш за ўсё, асабістая сустрэча з уваскрослым Хрыстом, які заклікае і пасылае сваіх вучняў несці ўсім радасную навіну пра выратаванне", — паведамілі ў РКЦ у РБ.
Пасля агульнай аўдыенцыі Папа Францішак падышоў да гродзенскіх семінарыстаў, якія пацікавіліся, калі пантыфік наведае Беларусь. "Папа усміхнуўся, паглядзеў на неба і сказаў: "Калі дазволіць Гасподзь, то гэта будзе", расказалі суразмоўцы Sputnik.
" Пасля быў зроблены сумесны здымак на памяць. Беларускія пілігрымы атрымалі ў падарунак ружанец ад Пантыфіка", сказалі ў прэс-службе.