МІНСК, 19 кра — Sputnik. Снарады часоў Вялікай Айчыннай вайны былі знойдзены на могілках "Малы Трасцянец", паведамілі Sputnik у Мінскім гарадскім УМНС.
Паведамленне аб выяўленні прадметаў, падобных на боепрыпасы, на тэрыторыі могілак "Малы Трасцянец", што знаходзяцца ў Мінску па вуліцы Яльніцкага, паступіла ў цэнтр аператыўнага ўпраўлення Мінскага гарадскога ўпраўлення МНС ад дзяжурнага ГУУС.
"Для абследавання боепрыпасаў выязджала сапёрна-піратэхнічная група вайсковай часткі № 5448. Былі выяўленыя восем 30-мм артылерыйскіх стрэлаў са узрывацелем часоў Вялікай Айчыннай вайны", — паведамілі ў МНС.
Там таксама ўдакладнілі, што сапёры павезлі снарады з тэрыторыі могілак, каб знішчыць іх на палігоне.
Могілкі "Малы Трасцянец" размешчаны ў Заводскім раёне сталіцы і маюць статус абмежавана дзеючых. Гэта адно з самых трагічных месцаў Мінска: тут восенню 1941 года на тэрыторыі калгаса ім. Карла Маркса быў створаны найбуйнейшы на тэрыторыі Беларусі і акупаваных раёнаў СССР лагер смерці, дзе загінулі каля 206 тысяч чалавек.