Вераніка Трызна, Sputnik.
Мінчане раскрытыкавалі варыянты назваў для новых станцый мінскай падземкі, вынесеныя сталічнымі ўладамі на абмеркаванне. Найбольш актыўныя жыхары горада плануюць выступіць з пісьмовым зваротам да чыноўнікаў і ўжо пачалі збор подпісаў.
Sputnik папрасіў самых неабыякавых да гісторыі горада мінчукоў-блогераў пракамэнтаваць ініцыятыву Мінгарвыканкама і прапанаваць ўласныя варыянты назваў.
Скажы "не" безаблічным назвам
Краязнаўца Вадзім Зелянкоў адзначае, што ў прапановах сталічных уладаў у асноўным ўлічваюцца мінскія рэаліі, нададзена ўвага гісторыі і тапаніміцы горада. Але некаторыя варыянты назваў выклікалі ў яго дваістае ўражанне.
Вядомы блогер, які піша пераважна пра Мінск, лічыць нармальнымі і зразумелымі назвы "Чыжоўка", "Серабранка", "Вяснянка".
З яго слоў, назва "Шэйпічы" нагадвае пра вёску, якая калісьці знаходзілася ў гэтым месцы (цяпер існуе вулачка з такой назвай), якая дала першапачатковае імя мікрараёну. Пры гэтым суразмоўца Sputnik нагадвае, што гістарычная Серабранка знаходзілася хоць і непадалёку, але ўсё ж у іншым месцы.
Для цяперашняй станцыі "Першамайская" была прапанавана назва "Свіслач", якая, на думку Зелянкова, была б ідэальнай, але станцыю трэцяй лініі плануецца ўсё ж такі размясціць у раёне Мінска з гістарычнай назвай "Пярэспа".
Краязнаўца выступае супраць назваў, якія не прывязаны да месца размяшчэння станцый. Гэта, паводле яго слоў, будзе дэзарыентаваць не толькі гасцей сталіцы, але і саміх гараджан.
Кажучы пра станцыю "Азёрная", ён адзначыў, што ў большасці мінчукоў тапонім "возера" асацыюецца не з Чыжоўскім вадасховішчам, а з Камсамольскім возерам, каля якога, дарэчы, плануецца станцыя той жа лініі метро.
Станцыя "Кірмаш"… Гандлёвых кропак з такой назвай мноства, а станцыю плануецца размясціць у раёне, які здаўна завецца "Камароўкай", — сказаў Зелянкоў. Вось гэтую назву, падкрэсліў ён і варта даць станцыі — "Камароўка" ці "Камароўская".
"Якая можа быць "Прафсаюзная" на беразе Свіслачы?", — задае краязнаўца рытарычнае пытанне і нагадвае, што раён называўся "Татарскае Слабада". "Што за "Працоўная" ў "Сляпянцы?", — працягвае ён.
Зелянкоў лічыць, што справа не толькі ў тым, што гэтыя назвы цалкам не адпавядаюць духу часу і не маюць дачынення да гісторыі і геаграфіі Мінска, яны яшчэ і дэзарыентуюць. "Працоўны завулак" знаходзіцца ў раёне Партызанскага праспекта, да таго ж ёсць ужо станцыя з падобнай назвай "Пралетарская". Прафсаюзная вуліца, праезд і завулак размешчаны наогул у "Калядзічах", — распавёў ён.
Зелянкоў заклікае сталічных чыноўнікаў ўлічыць, што выбраныя вясной 2015 назвы, у перспектыве адаб'юцца на архітэктурным абліччы станцый і на шмат дзесяцігоддзяў застануцца на карце горада. Таму, лічыць ён, не варта спяшацца. "Давайце ўсё ж такі назавем станцыі нашага метро так, каб было па адным імя зразумела: гэта Мінск, наш Мінск!" — заявіў краязнаўца.
Метрапаніміка павінна быць дакладнай
Блогера і пісьменніка Міхаіла Валодзіна карэспандэнт Sputnik заспеў у паездцы ў ЗША. Але неабыякавы мінчук не адмовіўся пракаментаваць прапанову Мінскага гарвыканкама.
"Тут, за акіянам, цяжка думаць пра назвы будучых станцый Мінскага метрапалітэна. І справа не толькі ў сямі гадзінных паясах, што аддзяляюць Мінск ад Нью-Ёрка. Куды складаней сур'ёзна разглядаць прапановы, у якіх разбежка з рэальнасцю складае многія дзесяцігоддзі", — прызнаўся ён. А такіх, па словах пісьменніка, на жаль, шмат.
Перш чым прыводзіць прыклады, Валодзін патлумачыў, чаго б яму асабіста хацелася ад тапанімікі метрапалітэна.
"Вызначыць гэта можна адным словам — дакладнасці! Метро — хуткасны транспарт, не паспееш азірнуцца, як апынешся на другім канцы горада. Яшчэ адно яго адрозненне ад аўтобусаў-тралейбусаў у "падземнасці": едзеш і нічога не бачыш- ні вуліц, ні плошчаў, ні помнікаў. Таму назвы станцый, на мой погляд, павінны максімальна палегчыць жыццё "падземных пасажыраў" і выразна паказваць на тое, што знаходзіцца ў горадзе ў іх над галавой", — сказаў суразмоўца Sputnik.
Метро функцыянальна, і назвы ў ім павінны быць у першую чаргу функцыянальныя, лічыць ён. "Але як зрабіць выбар, калі за назву канкуруюць, скажам, плошча, вуліца і завод? Нажаль, тут няма адназначных рэцэптаў —кожная сітуацыя павінна разглядацца асобна", — перакананы Валодзін.
Напрыклад, ён рады таму, што з'явіцца станцыя "Вакзальная", хаця назваў бы яе проста "Вакзал". На думку Валодзіна, назва "Вакзальная" — больш карысна, чым плошча Незалежнасці, і гучыць лепей, чым плошча Леніна.
"Вельмі важна даваць такія назвы, каб і праз паўстагоддзя-стагоддзе іх не захацелася мяняць. З гэтага пункту гледжання "Пралетарская" — дрэнна, а "Аўтазаводская"- добра", — заявіў пісьменнік.
Пісьменнік Іван Мележ, па словах Валодзіна, цалкам заслугоўвае сваёй вуліцы, але станцыя метро павінна называцца "Вуліца Івана Мележа". І то толькі ў тым выпадку, калі тэрытарыяльна звязаная з гэтай вуліцай мацней, чым з іншымі аб'ектамі. Тое ж самае — пра Багдановіча, Багушэвіча, Пушкіна. "Гэта не іх імёны павінны фігураваць на карце метрапалітэна, а назвы вуліц, якія названы ў іх гонар. Назвы станцый — не заахвочванне, не адзначэнне іх укладу ў развіццё культуры, не даніна павагі, а толькі "функцыя", якая палягчае жыццё гараджанам і гасцям сталіцы", - перакананы Валодзін.
Станцыям патрэбны гістарычныя імёны
Дырэктар ТАА "Агенцтва дзелавых сувязей" Валянцін Лопан — адзін з удзельнікаў "Зборнай Мінска па брэндынгу", у рамках якой PR-адмыслоўцы і маркетолагі правялі карпатлівую працу па фарміраванні іміджу беларускай сталіцы, таксама лічыць, што назвы станцый метро не павінны ўводзіць у зман.
"Назвы станцый павінны адпавядаць гістарычным назвам месцаў, дзе яны размешчаны, таму што станцыі метро з'яўляюцца важным элементам навігацыі ў горадзе", —канстатаваў ён.
Па гэтай прычыне, мяркуе эксперт, нічога не кажа ні жыхарам, ні гасцям сталіцы назва "Смаленская" (вуліца такая ёсць, але знаходзіцца ў іншым месцы).
Згодны ён і з тым, што "Кірмаш" прапануюць замяніць на "Камароўку", а "Друкарская" павінна стаць "Домам друку". Станцыю "Лагойская" варта б перайначыць у "Лагойскі тракт".
Назву "Алімпійская", на думку Лопана, прысвойваць станцыі яшчэ не час, тым больш, што назва "Мінск-Арэна" ў мінчан для гэтага месцы ўжо прыжылося.
"А яшчэ трэба было б перайменаваць ужо існуючыя станцыі", —рэзюмаваў суразмоўца Sputnik.