МІНСК, 26 кра — Sputnik. Удзельнікі традыцыйнай красавіцкай вулічнай акцыі "Чарнобыльскі шлях" пачалі збірацца на пляцоўцы перад кінатэатрам "Кастрычнік", паведамляе карэспандэнт Sputnik з месца падзей.
У нядзелю ў беларускай сталіцы шэраг палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў праводзяць "Чарнобыльскі шлях", прымеркаваны да чарговай гадавіны аварыі на ЧАЭС. Раніцай у Мінску адбылося афіцыйнае жалобнае мерапрыемства.
Арганізатары заклікалі сваіх прыхільнікаў выйсці шэсце пад лозунгам “Не расійскай ядзернай пагрозе“.
Як паведамляе карэспандэнт Sputnik, а 14:00 да месца збору прыбыла некалькі дзясяткаў удзельнікаў акцыі, яны трымаюць бел-чырвона-белыя сцягі і расцяжкі з лозунгамі “Астравец – другi Чарнобыль”, “Спыніць ПАЛIТЫЧНЫ Чарнобыль”. Першымі да кінатэатра “Кастрычнік” прыбылі лідэр партыі БНФ Аляксей Янукевіч, сустаршыні аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі і Павел Севярынец.
Супрацоўнікі праваахоўных органаў фіксуюць на відэа ўсё, што адбываецца.
Удзельнікі партыі БНФ прынеслі так званы "звон свабоды", а таксама абраз Маці божай ахвяраў
Чарнобыля з нацыянальным рушніком.
Актывісты праводзяць збор подпісаў з патрабаваннем "вызваліць экс-кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча, а таксама іншых палітвязняў", у тым ліку асуджанага Маскоўскім акруговым ваенным судом да двух-гадоў у калоніі-пасяленні за заклікі да тэрарыстычнай дзейнасці і апраўданне тэрарызму Кірыла Сілівончыка.