МІНСК, 7 мая — Sputnik. Пасажырскі самалёт Embraer 175, які належыць авіякампаніі "Белавія" здзейсніў аварыйную пасадку ў Нацыянальным аэрапорце Мінск, паведамілі Sputnik ў Мінскім гарадскім упраўленні МНС Беларусі.
Самалёт, які рухаўся рэйсам Мінск — Масква, аварыйна сеў 6 мая ў 22.55. Паводле інфармацыі МНС на борце лайнера быў 51 пасажыр і чатыры члена экіпажа.
Пілоты прынялі рашэнне пасадзіць самалёт пасля ўзлёту, калі выявілі няспраўнасць пярэдняй стойкі шасі. Паведамляецца, што пілоты здолелі пасадзіць лайнер. Пацярпелых у выніку інцыдэнту няма.
Як паведаміў Sputnik прэс-сакратар Нацыянальнага аэрапорта Аляксандр Караблікаў, пасажыры змаглі вылецець у Маскву на іншым самалёце праз гадзіну пасля прызямлення лайнера.
Самалёт Embraer E175 — двухматорны пасажырскі лайнер сярэдняй далёкасці, вырабляецца бразільскі кампаніяй Embraer з 2002 года. Мадэль E175 можа перавозіць 78-88 пасажыраў. Авіякампанія "Белавія" мае ў распараджэнні два такіх самалёта.