МІНСК, 7 мая — Sputnik. Беларуская чыгунка 11 мая запускае новы лагістычны маршрут Мінск — Гродна — Беласток — Малкінія, які зробіць шлях у суседнюю краіну зручней, паведамілі Sputnik ў прэс-службе БЧ.
Паводле інфармацыі БЧ мэта рэалізацыі дадзенага праекта — развіццё турыстычных маршрутаў і ўзмацненне транспартных сувязяў Беларусі з краінамі ЕС.
"У выніку дамоўленасці БЧ з Польскімі чыгункамі з 11 мая зменіцца расклад цягніка №193 Гродна — Малкінія, які будзе адпраўляцца з Гродна ў Польшчу ў 12:50 (замест 11:23). Гэта зробіць магчымым перасадку пасажыраў цягніка міжрэгіянальных ліній №673 Мінск — Гродна на цягнік №193", — сказалі ў БЧ.
Там таксама адзначылі, што цягнік № 193 будзе прыбываць у Беласток у 14:57, у Малкінію — у 16:23. Ранішні цягнік міжрэгіянальных ліній №673 Мінск — Гродна курсіруе з 29 сакавіка бягучага года.
Са станцыі "Мінск-Пасажырскі" ён адпраўляецца раніцай — у 06:56 і прыбывае ў Гродна ў 11:26. Час руху складу са сталіцы ў абласны цэнтр — 4,5 гадзіны, цягнік робіць тры прыпынкі — у Маладзечне, Лідзе і Мастах.