МІНСК, 7 мая — Sputnik. Матэрыялы праверак гандлёвых сетак "Еўраопт" і "Рублёўскі" накіраваны ў ліцэнзуючы орган для прыняцця да іх мер у сувязі з наяўнасцю ў сетках значнай пратэрмінаванай запазычанасці перад пастаўшчыкамі, паведамілі Sputnik ў Міністэрстве гандлю Беларусі.
Калегія Мінгандлю адвяла гэтым гандлёвым арганізацыям да лютага 2015 года тэрмін, каб яны загасілі пратэрмінаваную запазычанасць перад пастаўшчыкамі. Аднак, як высветлілі праверкі, сеткі "Еўраопт" і "Рублёўскі" мелі перад пастаўшчыкамі (у тым ліку алкагольнай і тытунёвай прадукцыі) доўг у памеры больш за 300 млрд рублёў.
"Матэрыялы праверак дадзеных сетак накіраваны ў Мінскі гарвыканкам для прыняцця мер рэагавання ў адпаведнасці з Палажэннем аб ліцэнзаванні асобных відаў дзейнасці", — сказалі ў Мінгандлі.
Там таксама адзначылі, што наяўнасць пратэрмінаванай запазычанасці два разы і больш на працягу каляндарнага года па разліках за пастаўленыя алкагольныя напоі альбо тытунёвыя вырабы лічыцца грубым парушэннем заканадаўства аб ліцэнзаванні і можа пацягнуць за сабой пазбаўленне суб'ектаў гаспадарання ліцэнзій.