Беларусы ўжо знішчылі некалькі папуляцый мядзведжай цыбулі пад Мінскам

© Flickr / net_efektЧарамша
Чарамша - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Сям'я з Магілёўскай вобласці нарыхтавала 17 кілаграмаў чарамшы, унесенай у Чырвоную кнігу.

МІНСК, 9 мая–Sputnik. Суд Бялыніцкага раёна (Магілёўская вобласць) аштрафаваў сям'ю мясцовых жыхароў за незаконны збор чарамшы, паведамілі ў Дзяржінспекцыі аховы жывельнага і расліннага свету.

Чарамша, або мядзведжая цыбуля,–рэдкая расліна і занесена ў Чырвоную кнігу Беларусі. Аднак з-за сваіх унікальных смакавых якасцяў яна часта становіцца прадметам нажывы нядобрасумленных прадпрымальнікаў.

"У Бялыніцкім раёне за ўсё адно месца, дзе расце мядзведжая цыбуля. Гэтай вясной там "пагаспадарыла" пара з бліжэйшай вёскі. У доме парушальнікаў дзяржінспектары выявілі 17 кілаграмаў чарамшы, часткова яна ўжо была сабрана ў пучкі",–паведамілі Sputnik ў пятніцу ў інспекцыі.

Было ўстаноўлена, што сям'я мае сваю "кропку" на сельскагаспадарчым рынку ў Магілёве, там яны і збіраліся прадаваць чарэмшыну па 5 тысяч рублёў за пучок.

"Шкода для прыроды склала 15 млн рублёў, яшчэ ў 1,5 мільёна ацанілі саму прадукцыю. Суд прызначыў штраф кожнаму з парушальнікаў у памеры 20 базавых велічынь (па 3,6 мільёна рублёў)",–паведамілі ў Дзяржінспекцыі.

Там таксама адзначылі, што кожную вясну, калі пачынае расці чарамша, беларусы накіроўваюцца ў запаведныя месцы, каб потым прадаць пучкі мядзведжай цыбулі.

"За апошнія дзесяцігоддзі на тэрыторыі Беларусі знікла некалькі папуляцый чарамшы, якія знаходзіліся паблізу населеных пунктаў. Напрыклад, каля вёскі Папялёва ў Пружанскім раёне, у ваколіцах чыгуначнай станцыі "Энэргетык" у Дзяржынскім раёне",–падкрэслілі ў ведамстве.

У інспекцыі ўдакладнілі, што мядзведжая цыбуля знаходзіцца пад аховай і ў нашых суседзяў–у Літве, Латвіі, Украіне, Смаленскай вобласці Расіі.

"Яе знікненне звязана з высечкай лясоў і меліярацыяй зямель. Шкодзіць расліне нават простае вытоптванне",–сказалі ў Дзяржінспекцыі, падкрэсліўшы, што для ўжывання ў ежу вырасціць чарэмшыну можна з насення–не толькі на прысядзібным участку, але і на балконе.

Стужка навiн
0