МІНСК, 9 мая—Sputink. Каля гістарычнага будынка геафізічнай абсерваторыі напярэдадні святкавання Дня Перамогі адбылася ўрачыстая закладка памятнага каменя ў гонар гідраметэаролагаў, якія ўдзельнічалі ў Вялікай Айчыннай вайне, паведамляе агенцтва "Минск-Новости".
Ва ўрачыстай цэрымоніі прымалі ўдзел супрацоўнікі і ветэраны "Гідрамета", прадстаўнікі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, адміністрацыі Першамайскага раёна.
"Цяжка пераацаніць уклад гідраметэаролагаў ў ваенную справу. Метэаралагічныя дадзеныя выкарыстоўваюцца ў артылерыі, асабліва ў авіяцыі. Не ўсе ведаюць, што ў час Вялікай Айчыннай вайны за лінію фронту засылалі не толькі разведчыкаў і дыверсантаў, але і гідраметэаролагаў. Яны назіралі там за надвор'ем і перадавалі дадзеныя, каб можна было забяспечыць палёты авіятэхнікі, стральбу артылерыі", —адзначыў намеснік кіраўніка "Гідрамета" Анатоль Палішчук.
Удзельнікі цырымоніі ўсклалі кветкі да памятнага знака і ўшанавалі памяць загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны хвілінай маўчання.