МІНСК, 13 мая — Sputnik. Пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму паміж Беларуссю і Еўрасаюзам на саміце Усходняга партнёрства, які адбудзецца 21-22 мая ў Рызе, хутчэй за ўсё, не падпішуць, заявіў Sputnik старшый аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Дзяніс Мельянцоў.
З апублікаванага напярэдадні саміту чарнавіка рэзалюцыі Рыжскай сустрэчы вынікае, што доўгачаканы шматлікімі беларусамі дакумент будзе толькі парафіраваны, гэта значыць будзе ўзгоднены тэкст.
"Наколькі мне вядома, перамовы знаходзяцца ў завяршальнай стадыі, засталіся тэхнічныя дэталі, гэта значыць можна меркаваць, што ў гэтым годзе Пагадненне будзе падпісана, але не на саміце ў Рызе", — заявіў у інтэрв'ю Sputnik Мельянцоў.
Перамовы аб памяншэнні кошту віз для беларускіх грамадзян з 60 да 35 еўра вядуцца ўжо чатыры гады, нагадаў дырэктар Цэнтра стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў Арсень Сівіцкі.
Паводле яго слоў, да апошняга часу каменем перапоны заставалася пытанне "аб прызнанні дыпламатычных пашпартоў", які дазваляў бы дыпламатам ўязджаць у краіны ЕС без віз.
"Гэты пункт быў выключаны з перамоўнага мандата ў 2011 годзе з-за таго прынятага Еўрапейскім саюзам рашэння замарозіць кантакты на высокім узроўні", - падкрэсліў суразмоўца Sputnik.
У міністэрстве замежных спраў Беларусі каментаваць лёс Дамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму паміж Беларуссю і ЕС адмовіліся. "Мы пакуль на гэтую тэму не гаворым. Падрыхтоўка да саміту ідзе. Калі выйдзем на фінішную прамую, тады і будзем агучваць", — заявіў Sputnik прэс-сакратар МЗС Дзмітрый Мірончык.
"Усходняе партнёрства" — ініцыятыва ЕС, накіраваная на ўмацаванне ўзаемаадносін паміж Еўрапейскім саюзам і некаторымі краінамі былога СССР Арменіяй, Азербайджанам, Беларуссю, Грузіяй, Малдовай і Украінай.