МІНСК, 19 мая — Sputnik. МНС Расіі гатова падтрымаць беларускіх вытворцаў беспілотных лятальных апаратаў, спецыяльнай экіпіроўкі, а таксама зацікаўлена ў рэалізацыі сумесных праектаў па рэабілітацыі забруджаных у выніку аварыі на ЧАЭС тэрыторый, паведаміў кіраўнік расійскага ведамства Уладзімір Пучкоў.
У рамках Міжнароднага салона "Комплексная бяспека" ў аўторак прайшла рабочая сустрэча міністра МНС Беларусі Уладзіміра Вашчанка і кіраўніка МНС РФ. На сустрэчы Вашчанка папрасіў расійскае міністэрства падтрымаць беларускіх вытворцаў абсталявання для пажарных і ратавальнікаў.
"Мы гатовы падтрымаць беларускіх вытворцаў, неабходна, каб яны актыўна ўдзельнічалі ў конкурсах МНС, каб высокатэхналагічная прадукцыя нашых калегаў была на аснашчэнні нашых падраздзяленняў", — сказаў Пучкоў у гутарцы з журналістамі.
Ён таксама ўдакладніў, што расійскае МНС цікавяць беларускія беспілотнікі, баявое адзенне пажарных і ратавальнікаў, а таксама праграмныя комплексы.
Пучкоў адзначыў, што з беларускім міністэрствам плануецца ўзаемадзейнічаць у галіне рэабілітацыі, і вяртання ў сельгасабарот тэрыторый, забруджаных пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС.