МІНСК, 20 мая — Sputnik, Яўген Казарцаў. Першая серыя дзіцячага мультыплікацыйнага фільма "Свінка Пэпа" перакладзена на беларускую мову, грошы на агучку былі сабраны дзякуючы ахвяраванням, паведаміў Sputnik кіраўнік праекта "Кінаконг" Андрэй Кім.
"Кінаконг" — адзіны ў краіне праект, які займаецца перакладам і дубляжом фільмаў на беларускую мову."Свінка Пэпа" — першы вопыт праекта па агучцы мультыплікацыйных фільмаў.
"Мы раней дублявалі на беларускую розныя фільмы, але часам чулі меркаванне, што няма чаго паказваць дзецям на роднай мове", — сказаў Кім.
Пры гэтым ён адзначыў, што з выбарам мультфільма вызначыліся не адразу.
"Мы сабралі спіс мультфільмаў і наладзілі галасаванне ў інтэрнэце сярод зацікаўленай аўдыторыі. Перамагла "Свінка Пэпа" — адзін з самых папулярных серыялаў для дзяцей ад трох да сямі гадоў", — патлумачыў кіраўнік "Кінаконга".
Грошы на пераклад і дубляж збіралі з красавіка. Спачатку планавалася, што спатрэбіцца 37,5 мільёна рублёў на агучванне першых 50 серый мультфільма. На сёння праект прыцягнуў больш за 42 мільёнаў рублёў, у той час як да канца збору сродкаў засталося яшчэ дзесяць дзён.
"Мы сёння апублікавалі першую серыю для таго, каб паказаць людзям, як гэта будзе выглядаць. Магчыма, мы зможам сабраць сродкі на агучку ўсіх 200 серый", — кажа Кім.
З праваўладальнікамі мультфільма, як запэўнівае кіраўнік праекта, праблем не будзе.
"Справа ў тым, што мы публікуем мульцік на YouTube — там адразу вызначаецца, каму належаць правы на яго. І ў выніку ўсе грошы, якія там будуць зароблены на рэкламе, адправяцца праваўладальнікам, і яны не супраць такой працы", — распавёў Кім.
Агучылі мультфільм салістка гурта Sunduk і актрыса Купалаўскага тэатра Ганна Хітрык, а таксама Уладзімір Глотаў з Нацыянальнага драматычнага тэатра.
Паводле інфармацыі "Кінаконга" мультфільм будзе публікавацца бясплатна ў сацыяльных сетках і на сайтах тройчы ў тыдзень. Падтрымаць праект можна на сайце.