МІНСК, 21 мая — Sputnik. Новы культурны праект "Цытуй сваё!" стартаваў 21 мая, ініцыятары акцыі, прадстаўнікі ўстаноў адукацыі і грамадзянскай супольнасці заклікаюць беларусаў прыгадаць лепшыя цытаты выбітных дзеячаў беларускай культуры, паведамляе партал "Будзьма беларусамі".
Мэта праекта — перадаць актуальнасць найлепшых узораў беларускай думкі, запрашэнне да ўдумлівага чытання і асэнсавання прамоўленага і заспяванага дзеячамі культуры Беларусі.
"Пакуль што ідэі і нават імёны мысляроў фактычна не ўключаныя ў нашае самаразуменне. Між тым яны ёсць спробамі ўгледзецца ў свае мінулае і будучыню, у саміх сябе. Яны — складнік самастойнага еўрапейскага мыслення і развіцця", — адзначае адзін з заснавальнікаў праекта, Таццяна Вадалажская.
"Цытуй сваё!" накіраваны на супольны пошук найлепшых узораў беларускай думкі. У планах праекта зладзіць народны хіт-парад без ідэйнай цэнзуры і культурных абмежаванняў.
"Кожная трапна і ёміста выказаная думка — наш супольны нематэрыяльны скарб, цагліна ў тым, што мы сёння называем беларускай культурай, яшчэ не да канца ўсведамляючы яе архітэктуру і вонкавыя межы. Не так важна, на якой мове былі выказаныя тыя думкі, з якіх паўстаў наш Беларускі Дом. Важна тое, ці спрыялі яны яго паўстанню, ці тлумачылі на свойскі лад жыццё і свет белы", — падкрэсліваюць ініцыятары праекта.
Акцыя будзе доўжыцца два месяцы. Да ўдзелу ў ім запрашаюцца ўсе жадаючыя. Каб трапіць у фан-клуб айчыннага мыслення, трэба даслаць улюбёныя цытаты беларускіх аўтараў па адрасе cytuj.svajo@gmail.com.