МІНСК, 22 мая — Sputnik. У Вене на сцэне Wiener Stadthalle адбыўся другі паўфінал папулярнага песеннага конкурсу "Еўрабачанне".
У другім адборачным туры прымалі ўдзел прадстаўнікі 17 краін: Азербайджан, Кіпр, Чэхія, Ісландыя, Ірландыя, Ізраіль, Латвія, Літва, Мальта, Чарнагорыя, Нарвегія, Польшча, Партугалія, Сан-Марына, Славенія, Швецыя і Швейцарыя. Аднак у фінале пашчасціць выступаць толькі дзесяці з іх — тым, каго абрала нацыянальнае журы і гледачы. У ТОП-10 увайшлі артысты з Літвы, Польшчы, Славеніі, Швецыі, Нарвегіі, Чарнагорыі, Кіпра, Азербайджана, Латвіі і Ізраіля.
Такім чынам, сталі вядомыя ўсе 27 краін-удзельніц "Еўрабачання-2015". Па выніках першага паўфіналу, які прайшоў 19 мая, у заключнай частцы конкурсу выступяць артысты з дзесяці краін: Албанія, Арменія, Бельгія, Венгрыя, Грэцыя, Грузія, Расія, Сербія, Румынія і Эстонія. Беларускі дуэт Uzari &Maimuna прайсці ў фінал конкурсу не здолеў.
Акрамя выканаўцаў, якія прабіліся ў фінал "Еўрабачання-2015", выступяць пяць краін-заснавальнікаў конкурсу — Вялікабрытанія, Германія, Іспанія, Францыя і Італія. Таксама без паўфінальных адбораў ўдзел у фінале прыме краіна-гаспадыня цяперашняга музычнага форуму — Аўстрыя, а таксама запрошаны госць у гонар 60-гадовага юбілею "Еўрабачання" — Аўстралія. Фінал "Еўрабачання" пройдзе 23 мая, пачатак а 22-й гадзіне па мінскім часе.