МІНСК, 29 мая — Sputnik. Rock Profi — музычная прафесійная прэмія, у склад журы якой ўваходзяць сапраўдныя музыкі, якія выпусцілі поўнафарматны альбомы ў апошнія тры гады — у 2012, 2013, 2014 гадах, паведамілі Sputnik арганізатары мерапрыемства.
Сёлета ў склад журы ўваходзіла 60 музыкаў, якія абіралі лепшых у шасці намінацыях. Галоўным экспертам выступілі музычны партал Experty.by на чале са Зміцерам Безкаравайным і заснавальнік студыі гуказапісу "Осмас" Павел Юрцэвіч.
Як і летась цырымонія-2015 мела адкрыты фармат, наведвальнікам прапанавалі не саромецца, "падыходзіць да знаёмых артыстаў, фоціцца ды фэйсбучыць". Гэта ж прапанавалася рабіць і музыкам, таму што рэдка можна сустрэць свайго сапраўднага прыхільніка сам-насам.
Лепшых музыкаў абіралі па наступных намінацыях: "дэбют году", "лепшы запіс", "лепшая песня", "артыст году", "альбом году", "за ўклад".
У намінацый "дэбют году" разглядаліся тыя артысты, якія цягам 2014 году выдалі дэбютны паўнафарматны альбом. У намінацыі былі прадстаўлены: K, Earworm, Tonqixod, U.G.oslavia.
Лепшым дэбютам 2014-га быў прызнаны гурт "Tonqixod". Узнагароду калектыву ўручыў прадстаўнік пераможцаў леташняга конкурсу, басіст гурта Bosaesonca, Ян Саладуха.
Каб абраць пераможцу ў намінацыі "лепшая песня" журы разгледзіла больш за 100 песень, выдадзеных на працягу 2014-га году ў выглядзе сінглаў і кліпаў. Чатыры лепшых з іх патрапілі ў намінанты лепшай песні: Лявон Вольскі з песняй "Шэрая кроў", "Ляпис Трубецкой" з "Воины света", Nizkiz з песняй "Цяпер і далей", "Серебряная свадьба" з "Ag".
Для ўручэння прэміі былі запрошаны пераможцы леташней намінацыі гурт The Toobes. Лепшай песняй была абрана "Воины света" "Ляписа Трубецкого".
За "Ляпісаў" узнагароду атрымаў іх прадзюсэр Яўген Калмыкоў.
"Сітуацыя такая, што пры перамозе ў гэтай намінацыі песні "Ляписа Трубецкого" я ва ўсялякім выпадку застаюся ў няёмкім стане: песню напісаў Сяргей Міхалок, зараз ён удзельнік Brutto. Я тут бачыў Міхалка- малодшага. Паша, калі ты яшчэ тут, перадай бацьке гэты падарунак", — сказаў Калмыкоў са сцэны.
У намінацыі "лепшы запіс года" прыз атрымлівалі не музыкі, а гукарэжысёры, якія працавалі над альбомамі на працягу мінулага года, прычым разглядаліся выключна беларускія гукарэжысёры, "каб не было потым прэтэнзій". У намінацыі былі прадстаўлены: Андрэй Баброўка з "Матрёшкой" "Ляписа Трубецкого", Андрэй Жукаў з альбомам Thou гурта PortMone, Канстанцін Пыжоў з "Прадмовай" Tonqixod.
Летась у гэтай намінацыі перамог Павел Сініла, які запісваў дыск гурта Bosaesonca "Адпусці", ён і абвесціў перможцу. Перамог Андрэй Жукаў і дыск Pradmova.
Узнагароду за ўклад у развіццё беларускай музыкі атрымаў гурт N.R.M, а артыстам году былі прызнаны "Дай дорогу". "Лепшага артыста" абвесціў Аляксандр Памідораў, які адзначыў, што яму вельмі прыемна ўручыць узнагароду менавіта гэтаму гурту.
На цырымоніі выступілі гурты "Вірус ліха", "Носорогов & Ко", Nizkiz, Harotnica.