МІНСК, 2 чэр —Sputnik. Цырымонія ўзнагароджання беларускіх літаратараў прайшла ўвечары 1 чэрвеня ў Мінску, перадае карэспандэнт Sputnik.
Прэмія прысуджаецца за лепшую кнігу на беларускай мове ў жанрах мастацкай прозы і эсэістыкі. Ўручаюцца ўзнагароды з 2012 года.
Прыз за трэцяе месца атрымаў Альгерд Бахарэвіч за антыўтопію "Дзеці Аліндаркі", у якой апісаны прыгоды беларускіх дзяцей, якія трапілі ў дзіўную ўстанову пад назвай "Лагер". Другое месца дасталася кнізе "Жанчына і леапард" Таццяны Барысік. У творы сабраны гісторыі жыхароў сучаснай беларускай правінцыі. Першае месца журы прысудзіла Віктару Казько за філасоўскую аповесць "Час збіраць косці".
Твор Казько таксама атрымаў асобны прыз чытацкага галасавання.
Пасол Польшчы ў Беларусі Лешэк Шарэпка, які прысутнічаў на цырымоніі ўзнагароджання, адзначыў важнасць развіцця і падтрымкі сучаснай беларускай літаратуры і мовы. Аб адмысловым статусе літаратурнай прэміі заявіў і адзін з членаў журы, пісьменнік Уладзімір Арлоў.
Арганізатарамі конкурсу выступілі Беларускі ПЭН-цэнтр, Саюз беларускіх пісьменнікаў, Пасольства Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь і Польскі Інстытут у Мінску.
У склад журы сёлета ўваходзілі Уладзімір Арлоў, Ігар Бабкоў, Малгажата Бухалік, Адам Глобус, Ганна Кісліцына, Андрэй Федарэнка, Ціхан Чарнякевіч і Ганна Янкута.