Юлія Хвошч, Sputnik
Laudans спяваюць песні на хрысціянскую тэматыку, робяць музыку, якая "ідзе ад душы". 25 красавіка калектыву споўнілася толькі два гады. За гэты час Laudans зрабілі больш за 100 выступаў (у Беларусі і за яе межамі), запісалі ўласнымі намаганнямі альбом, узялі ўдзел у шэрагу конкурсаў.
"Завысока заблізка"
Касцяк гурта складаюць два музыканта — Андрэй Лугін (рытм-гітара) і Алена Палачанская (сінтэзатар). Астатнія музыканты знаходзяцца ў калектыве не на пастаяннай аснове, а дапамагаюць з запісамі ці з выступамі.
"У запісу нашага дэбютнага дыску "Завысока заблізка" прымала ўдзел сем музыкаў, якія ў асноўным супрацоўнічаюць з намі ў якасці сесіённых. Часам тэлефаную сябрам з вучылішча, прапаную пайграць разам, і калі ў іх атрымоўваецца, то яны з задавальненнем граюць", — распавёў заснвальнік гурта Андрэй Лугін карэспандэнту Sputnik.
Па яго словах, Laudans, як даволі малады калектыў, заўсёды знаходзіцца ў пошуках новых удзельнікаў і было б добра, каб пастаянных удзельнікаў калектыва стала больш, але і два творчых чалавека ды яшчэ і назва, якую пазнаюць людзі — гэта ўжо вельмі добра, упэўнены ён.
"Гурты з поўным пастянным складам удзельнікаў — з'ява даволі рэдкая, па большой часцы гэта праекты. Прыхільнікі такіх калектываў ведаюць толькі аднаго-двух удзельнікаў, а астатніх — не, таму што яны ўвесь час змяняюцца", — разважае Лугін.
Дарэчы, альбом гурт пісаў уласнымі сіламі: знайшлі ці набылі некаторыя інструменты, неабходная абсталявянне, зладзілі ўласную невялікую студыю гуказапісу і прыступілі да працы.
"Я палічыў, што будзе спадручней пісаць усё самім, а не траціцца на студыю. Магчыма, мы згубілі ў якасці, але запісалі альбом спакойна, зрабілі столькі дубляў, колькі нам было неабходна. А з набытым для запісу абсталяваннем мы зараз можам ладзіць розныя эксперыменты", — распавядае Андрэй.
За два гады плённай працы гурт запісаў ужо паўнавартасны альбом і прыступіў да запісу другога дыску. Прычым, калі ў плытку "Завысока заблізка" ў асноўным уваходзілі песні на вершы іншых паэтаў (Ірыны Багдановіч, Яна Твардоўскага), то ў новым альбоме будзе больш песень з тэкстамі, напісанымі самімі музыкамі.
"Тыя, хто славіць"
Праз усю творчасць гурта праходзіць лінія ўсхвалявання Бога, адзначэнне таго, што ўдзельнікі калектыву кіруюцца па жыцці хрысціянскімі прынцыпамі. Музыкі лічаць, што не маглі б пісаць пра нешта іншае, гэта было б не шчыра. У дакладным перакладзе назва гурта "Laudans" азначае "той, хто славіць".
"У нас, канешне, ёсць песні са зваротамі да Бога, але ў асноўным мы пішам філасоўскія тэксты, у якіх распавядаем пра нашую веру. Зараз наша творчасць выходзіць за межы спеваў у касцёлах, да больш свецкай аудыторыі, дзе песні-услаўленні не заўжды трапляюць у кантэкст мерапрыемства. Менавіта таму мы накіроўваем нашыя тэксты на ў філасоўскі бок. Часам я пішу песні для сяброў і блізкіх людзей, але большая частка ідзе ўсё роўна ў хрысціянскіх кірунках",- распавёў Лугін.
"У нашым новым альбоме ёсць песня "Адзінства", і я вельмі спадзяюся, што так мы і назавем новы дыск. Гэта вельмі моцная песня пра салідарнасць усіх канфесій. Трэба каб мы любілі і шанавалі адно аднаго, таму што ёсць краіны, дзе забіваюць хрысціян, і тады не кажуць, што ты каталік, а ты праваслаўны. Мы ўсе адно", — расказалі музыканты.
Па большай часцы музыкі канцэртуюць па Беларусі, не так даўно пачалі выходзіць на міжнародны ўзровень.
Досыць канцэртаў Laudans граюць дуэтам-Алена за клавішамі, Андрэй з гітарай. Музыкі кажуць, што часцяком арганізатары вялікіх канцэртаў ці конкурсаў, калі даведваюцца, што музыкі будуць граць удваіх, ставяцца паблажліва, усміхаюцца, але пасля выступа падыходзяць, здзіўленыя і кажуць, што "гэта было выдатна".
"Мы вельмі шмат канцэртуем у касцёлах, то бок, як гэта звычайна бывае, напрыклад, ідзе імша, перад імшой мы расстаўляем абсталяванне, пасля імшы граем канцэрт, часам супрацоўнічаем з часопісамі "Бярозка" і "Маладосць", якія робяць прэзентацыі сваіх часопісаў у навучальных установах і з гэтай нагоды запрашаюць музыкаў ці пісьменнікаў", — распавялі музыканты.
Усё часцей Laudans запрашаюць на польскія фестывалі, дзе музыкі, не гледзячы на малады ўзрост, добра выступаюць, паказваюць пэўны ўзровень і займаюць першыя месцы.
Конкурс у Закапане
У польскім горадзе Закапане 24 мая адбыўся 10 міжнародны фестываль хрысціянскай музыкі. У некалькіх намінацыях былі прадстаўлены гурты з Польшчы, Laudans — былі прадстаўнікамі ад Беларусі.
"Па-першае, перамога для нас вельмі значная, нешта большае, чым проста перамога. Фестывалі, як мы заўважылі, гэта нешта іншае, чым канцэрт. Да фестывалю мы абіраем два творы і шліфуем іх максімальна. Мы хочам з іх выціснуць як мага больш. Адпаведна значна расце і ўзровень выканання. Калі ты ўкладаешся ў некаторыя творы, а не распыляешся на 10 і не мусіш зрабіць канцэрт, то потым некаторыя вобразы з дакладна адшліфаваных песень можаш перанесці і на іншыя. Таму што тут у цябе ўжо шмат чаго зроблена", — распавёў Лугін.
"Дзіўна было, што палякі не сваім далі ўзнагароду, а беларусам у намінацыі "музыка". Дадаткова, паза планам мерапрыемства, нам была дадзена магчымасць зайграць на фінальным канцэрце. Польскі дзіцячы хор вывучыў нашую песню "Адзінства" па-беларуску", — кажуць музыканты.
Са слоў музыкаў, сам факт таго, што палякі спявалі з імі на беларускай мове песню з такой сімвалічнай назвай, падаецца ім самым прыемным успамінам з конкурсу.