Аўдыёкнігу Генадзя Бураўкіна прэзентавалі ў Мінску

© SputnikАўдыёкніга Генадзя Бураўкіна "Голас паэта"
Аўдыёкніга Генадзя Бураўкіна Голас паэта - Sputnik Беларусь
Падпісацца
У кнізе “Голас паэта” класік беларускай літаратуры уласным голасам звяртаецца да слухачоў.

МІНСК, 2 чэр — Sputnik, Юлія Хвошч. Урачыстыя прэзентацыя аўдыёзборніка вершаў выбітнага беларускага паэта Генадзя Бураўкіна адбылася ў галерэі "Ў" 2 чэрвеня. Мерапрыемства было прымеркавана да гадавіны са дня смерці паэта, у ім прыняла ўдзел шэраг беларускіх паэтаў, грамадскіх дзеячаў, прадстаўнікоў культуры і мастацтва, паведамляе карэспандэнт Sputnik.

© SputnikУладзімір Някляеў кажа словы пра Генадзя Бураўкіна
Уладзімір Някляеў кажа словы пра Генадзя Бураўкіна - Sputnik Беларусь
Уладзімір Някляеў кажа словы пра Генадзя Бураўкіна

Паэта не стала 30 мая 2014 года. Яго сябры, блізкія і паплечнікі прыйшлі ў галерэю, каб аддаць Бураўкіну даніну памяці, сказаць пра яго добрыя словы, узгадаць, якім ён быў пры жыцці. Часам яны не маглі стрымаць слёз.

Да мікрафона падыходзілі старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч, паэт Уладзімір Някляеў, дыктар Беларускага тэлебачання Зінаіда Бандарэнка, беларускі паэт Анатоль Вярцінскі, беларускі пісьменнік Міхась Башура, пісьменнік Віктар Казько(пераможца конкурсу імя Ежы Гедройца) і іншыя.

"Ён заўсёды быў розным — сур'езным, суровым, злым і добрым, і я ніколі не бачыў яго абыякавым", — узгадаў Някляеў пра Бураўкіна.

На вялікім экране дэманстравалі выявы з Генадзем Бураўкіным у розныя гады яго жыцця, а ў перапынках паміж выступамі-успамінамі гучалі ўрыўкі з аўдыёкнігі "Голас паэта", прачытаныя самім класікам беларускай літаратуры.

© SputnikПрагляд фота з Генадзем Бураўкіным
Прагляд фота з Генадзем Бураўкіным - Sputnik Беларусь
Прагляд фота з Генадзем Бураўкіным

Мерапрыемства было зладжана супольнымі намаганнямі студыі "Гукапіс", грамадскага аб'яднання "Саюз беларускіх пісьменнікаў", партала prastora.by і  "Арт-сядзібы".

У зале, дзе праходзіла цырымонія, працаваў кніжны кірмаш, дзе аматары літаратуры маглі набыць кнігі беларускіх пісьменнікаў. Пасля ўрачыстай часткі мерапрыемства кожны наведвальнік атрымаў дыск з аўдыёкнігай "Голас паэта" ў падарунак.

© SputnikКніжны кірмаш у галерэі "Ў"
Кніжны кірмаш у галерэі Ў - Sputnik Беларусь
Кніжны кірмаш у галерэі "Ў"

Генадзь Бураўкін — беларускі паэт, пісьменнік, грамадскі дзеяч, лаўрэят дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы ўсё жыццё прысвяціў мастацтву і літаратуры. Працаваў у часопісах, уваходзіў у склад беларускага ПЭН-цэнтру, з'яўляўся прадстаўніком Беларусі ў ААН, з 1978 па 1990 год кіраваў Дзяржтэлерадыё БССР. Паэта не стала летась. Ён памёр ад анкалагічнага захворвання.

Стужка навiн
0