МІНСК, 5 чэр — Sputnik. Праваслаўная царква 5 чэрвеня шануе памяць прападобнай Еўфрасінні Полацкай. Чакаецца, што каля 10 тысяч чалавек возьмуць удзел у мерапрыемствах, прысвечаных Беларускай заступніцы.
Пачнуцца ўрачыстасці літургіямі ў галоўных праваслаўных святынь. Затым 14 царкоўных шэсцяў пройдуць да помніка Усяславу Чарадзею, дзе аб'яднаюцца ў агульны Хросны ход да помніка Еўфрасінні Полацкай, дзе адбудзецца малебен.
Акрамя духоўных запланаваны і свецкія мерапрыемствы, прысвечаныя беларускай святой. Так, сёння адбудзецца моладзевы квэст Еўфрасінні — "Праз стагоддзі", дзіцячы фестываль, выставы і тэматычныя экскурсіі.
Адным з сюрпрызаў святочных мерапрыемстваў стала магчымасць убачыць нядаўна знойдзеную пячатку святой. Рэліквія выстаўлена ў экспазіцыі Гарадской мастацкай галерэі з 4 па 7 чэрвеня.
Унучка Усяслава Чарадзея ўвайшла ў гісторыю як заснавальніца двух праваслаўных манастыроў, асветніца, нябесная заступніца беларусаў і першая беларуская праваслаўная святая. У 12 гадоў княжая дачка Прадслава прымае пострыг і імя Еўфрасіння. Жыла пры Сафійскім храме і займалася па просьбе гараджан перапісваннем кніг. Атрыманыя грошы раздавала на міласціну. Пазней перабралася ў мястэчка Сяльцо пад Полацкам і заснавала спачатку жаночы, а потым і мужчынскі манастыры. Вучыла маладых паслушніца грамаце, перапісванню кніг, спеву, шыццю і іншым рамёствам. На схіле гадоў адправілася з паломніцтвам у Ерусалім, дзе і памерла ў рускім манастыры ў гонар Прасвятой Багародзіцы.